Айвінс Марша

т. 18, кн. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЧУ́К (Барыс Міхайлавіч) (н. 15.5.1918, г. Анапа Краснадарскага краю, Расія),

бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1942). З 1944 дырыжор аркестраў вайск. часцей, штаба Ленінградскай ваен. акругі, нач. ваенна-арк. службы Паўд. групы войск. Адзін з дырыжораў зводнага аркестра ў час Парада Перамогі 1945 на Краснай плошчы. У 1962—79 нач. ваенна-арк. службы і гал. дырыжор аркестраў БВА, з 1965 адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1986 праф.). Выканальніцкі почырк П. вылучаецца глыбокім разуменнем стылю муз. твора і маст. ініцыятыўнасцю. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша» на тэмы песень У.​Алоўнікава, «Беларускага камсамольскага марша» на тэмы песень І.​Лучанка, «Страявога марша» на тэмы песень Ю.​Семянякі, інструментоўкі Дзярж. гімна Беларусі, шматлікіх апрацовак, інструментовак і пералажэнняў твораў бел. кампазітараў Р.​Пукста, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, Н.​Сакалоўскага і інш. Выдаў дапаможнік «Дырыжору духавога аркестра» (1975). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Дз.​М.​Жураўлёў.

Б.М.Пянчук.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРА́С,

расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.

Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар. арт. Расіі (1963). Нар. арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар. арт. СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф. арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.

Літ.:

Леонова М.Ф. Д.​Покрасс. М., 1981.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),

у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.​Чайкоўскага, В.​Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.​Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.​Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.​Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.​Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.​Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.​Б.​Пергалезі І.​Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.​Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.​Берыо, 9-я сімф. Дз.​Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.​Лядава на тэму М.​Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.​Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.​Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.

Літ.:

Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,

музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц. сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.

Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт. вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв. песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар. раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л. джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.

На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес. бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.

Літ.:

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;

Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);

Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;

Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)