МАРФ(А)..., МОРФ(А)... (ад грэч. morphē форма),
першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да формы, віду, напр., марфалогія, марфаметрыя, морфагенез.
т. 10, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРАМАРФІ́ЗМ [ад грэч. xēros сухі + ...марф(а)],
сукупнасць анатама-марфал. асаблівасцей раслін, якія прыстасаваліся да недахопу вады. Выражаецца ў памяншэнні памераў лісця, клетак, павелічэнні колькасці клетак, вусцейкаў, сеткі жылак (абумоўлівае павышэнне засухаўстойлівасці). Тоўстая кутыкула і апушэнне паніжаюць транспірацыю. К. найбольш выражаны ў лісці верхніх ярусаў у сувязі з недастатковым водазабеспячэннем.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),
гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр. неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.
т. 8, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬ слова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)