ГАРСІ́Я МА́РКЕС

(García Márquez) Габрыэль (н. 6.3.1928, г. Аракатака, Калумбія),

калумбійскі пісьменнік. Сваё жыццё звязаў з журналістыкай, што прадвызначыла вастрыню і кантрастнасць яго светаўспрымання, характар творчага почырку. З 1955 жыве па-за межамі Калумбіі (Еўропа, Венесуэла, Мексіка, Куба). Друкуецца з 1947 (аповесць «Трэцяя адмова», апавяданні). Вядомасць прынеслі раманы «Нядобры час» (1962), «Сто гадоў адзіноты» (1967), «Восень патрыярха» (1975), «Хроніка аб’яўленай смерці» (1981), «Каханне пад час чумы» (1985), «Генерал у сваім лабірынце» (1989). Аўтар аповесцей «Апалае лісце» (1955), «Палкоўніку ніхто не піша» (1958), зб. апавяданняў «Пахаванне Вялікай Мамы» (1962), кн. для дзяцей. Яго творы вызначаюцца адмысловым спалучэннем знешняй прастаты, жыццёвай насычанасці з ускладненымі асацыяцыямі, міфалагічнымі адсылкамі да глыбінных пластоў нац. і сусв. культуры. Выкарыстоўваючы нар. паэтыку, Гарсія Маркес у кожным творы вяртаецца да асэнсавання неацэннай каштоўнасці жыцця, самае вял. шчасце якога — у каханні, а трагедыя — у адзіноце. Нобелеўская прэмія 1982. На бел. мову творы Гарсія Маркеса перакладаў К.Шэрман.

Тв.:

Рус. пер. — Палая листва. М., 1972;

Осень патриарха. М., 1978;

Сто лет одиночества;

Полковнику никто не пишет. М., 1986;

Избр. произв. М., 1989.

Літ.:

Земсков В. Габриэль Гарсия Маркес: Очерк творчества. М., 1986.

І.Л.Лапін.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маркес Габрыэль Гарсія

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС

(Gonźalez Marquez) Феліпе (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),

палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл. Ісп. сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).

Літ.:

Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РГАС ЛЬЁСА

(Vargas Llosa) Марыо (н. 28.3.1936, г. Арэкіпа, Перу),

перуанскі пісьменнік. Чл. Перуанскай акадэміі мовы. Прэзідэнт Пэн-клуба (1976—79). З 1959 жыве ў Еўропе (Мадрыд, Барселона, Парыж, Лондан). У раманах «Горад і сабакі» (1962), «Зялёны дом» (1966), «Размова ў «Катэдрале» (1969), «Панталеон і наведвальніцы» (1973), «Цётачка Хулія і пісака» (1977), «Вайна канца свету» (1981), «Гісторыя Майты» (1984), «Хто забіў Паламіна Малера?» (1986), «Апавядальнік» (1987), «Пахвальнае слова мачысе» (1988), аповесці «Шчанюкі» (1967), зб. апавяданняў «Важакі» (1959) сплаў вымыслу з амаль дакументальнымі замалёўкамі з натуры, уражаннямі дзяцінства і юнацтва. Звяртаючыся да вопыту рыцарскага рамана, флабэраўскай традыцыі, экзістэнцыялізму, сцвярджаючы права мастака на творчую свабоду і паслядоўны нонканфармізм, Варгас Льёса робіць кожны з сваіх твораў востраактуальным, чарговым эксперыментам прасторава-часавых і жанравых пабудоў. Аўтар кніг эсэ «Гарсія Маркес: сведчанне богазабойства», «Сакрэтная гісторыя рамана» (абедзве 1971), «Спрадвечная оргія: Флабэр і «Мадам Бавары» (1975), «Паміж Сартрам і Камю» (1981), «Супраць ветру і прыліву» (1983—90), «Праўда няпраўды» (1990), п’ес.

Тв.:

Рус. пер. — Война конца света: Роман. М., 1987;

Кто убил Паломино Молеро?: Повесть, пьеса. М., 1989;

Рота добрых услуг: Романы. М., 1993.

Літ.:

Земсков В.Б. Марио Варгас Льоса: сознание художника и реальность // Латинская Америка. 1975. № 4.

І.Л.Лапін.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)