Мантро канферэнцыя 1936 6/244, 618

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТРО́ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1936 аб рэжыме чарнаморскіх праліваў.

Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс. т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.

Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.

Літ.:

Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА (ням. Genfer See, франц. Lac Léman),

Леман, возера ў Швейцарыі і Францыі, у міжгорнай упадзіне паміж Зах. Альпамі і Юрой, на выш. 372 м. Пл. 582 км², даўж. 72 км, шыр. 14 км, глыб. да 310 м. Берагі стромкія. На З да Ж.в. падыходзяць узгорыстыя перадгор’і, на У — скалістыя горы. Па паходжанні Ж.в. — канцавы басейн аднаго з рукавоў вял. Ронскага ледавіка. Цераз возера цячэ р. Рона. Сцёк рэгулюецца плацінай. На швейцарскім беразе гарады Жэнева, Лазана, курорты Веве, Мантро, рэзерват Гранжэт; на франц. — курорт Эвіянле-Бэн і інш. Суднаходства. Турызм.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.

Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г. Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т. л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)