Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),
мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы марганцу, які прысутнічае ў рудах у выглядзе аксідных злучэнняў, карбанатаў, сілікатаў. Гал. мінералы: браўніт (62,5%), гаўсманіт (60%), манганіт (62,5%), піралюзіт (63,2%), псіламелан (45—60%) і інш. Генетычна радовішчы М.р. падзяляюцца на асадкавыя, вулканагенныя, метамарфізаваныя і кор выветрывання. Сярэдняя колькасць марганцу ў М.р.: у асадкавых радовішчах 23,4—52% (аксідныя псіламелан-піралюзітавыя і манганітавыя руды) і 11,4—25,2% (карбанатныя радахразітныя і мангана-кальцытавыя); у радовішчах кары выветрывання 40,4—57,3% (астаткавыя). Асн. запасы М.р. на Украіне, у Грузіі, Казахстане, Паўд.Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі, Габоне, Бразіліі, Індыі, Гане, таксама на дне Ціхага, Індыйскага і Атлантычнага акіянаў.