Малібдэн 3/102; 5/286; 6/583; 7/198; 8/415 (табл.); 10/325
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́Н (лац. Molybdaenum),
Mo, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 42, ат. м. 95,94. Прыродны М. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 92, 94—98, 100; найб. пашыраны 98Mo (23,75%). У зямной кары — 310−4% па масе (гл. Малібдэнавыя руды). Адкрыты ў 1778 швед. хімікам К.Шэеле; назва ад грэч. molybdos — свінец (з-за падабенства мінералаў М. і свінцу).
Светла-шэры метал, tпл 2623 °C, шчыльн. 10 200 кг/м³. Устойлівы на паветры, пры награванні вышэй за 600 °C хутка акісляецца да трыаксіду MoO3 (бясколерныя з зялёным адценнем крышталі, з воднымі растворамі шчолачаў і аміяку ўтварае малібдаты). Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з салянай і сернай к-тамі, раствараецца ў сумесі азотнай і сернай кіслот. Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (акрамя ёду), парай серы (гл. Малібдэну дысульфіду); пры высокіх т-рах (1000—1500 °C) — з азотам, вугляродам, крэмніем (утварае дысіліцыд MoSi2 — цёмна-шэрыя крышталі, устойлівыя на паветры да 1500—1600 °C). Выкарыстоўваюць у асн. для легіравання сталей, а таксама для вытв-сці малібдэнавых сплаваў, як кампанент антыкаразійных сплаваў для хім. машынабудавання, для вырабу дэталей электралямпаў і электравакуумных прылад (напр., анодаў, катодаў, ніцей напальвання).
Літ.:
Зеликман АН. Молибден. М., 1970;
Популярная библиотека химических элементов. Кн. 1—2. 3 изд. М., 1983.
А.П.Чарнякова.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Р.У.Васілюк.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,
хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.
т. 10, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнай дугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл. дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл. дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́Д (ад грэч. anodos узыходжанне),
1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.
2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).
3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́ТЫ,
кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.
У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.
т. 8, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУАСА́Н ((Moissan) Анры) (28.9.1852, Парыж — 20.2.1907),
французскі хімік, заснавальнік хіміі цвёрдага цела. Чл. Парыжскай АН (1891). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Вучыўся ў Музеі прыродазнаўчых навук, Парыжскай вышэйшай фармацэўтычнай школе і Парыжскім ун-це. У 1872—84 працаваў у прыватных хім. лабараторыях. З 1887 праф. Парыжскай вышэйшай фармацэўтычнай школы, з 1900 — Парыжскага ун-та. Навук. працы па неарган. хіміі. Атрымаў фтор у свабодным стане (1886). Сканструяваў электрадугавую печ (1892), што дазволіла даследаваць уласцівасці цвёрдых цел пры высокіх т-рах. Электратэрмічным шляхам атрымаў чыстыя малібдэн (1895), вальфрам (1897) і інш. тугаплаўкія металы. Нобелеўская прэмія 1906.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)