ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.Вульфена),
мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НЫ (ад грэч. chroma колер, фарба),
сінтэтычныя неарган. пігменты ад светла-лімоннага да ярка-чырвонага колеру. Паводле хім. саставу — храматы (афарбоўка К. абумоўлена прысутнасцю іона CrO42-).
Адрозніваюць К. свінцовыя жоўтага (асн. кампанент — храмат свінцу PbCrO4, выкарыстанне абмежавана з-за ядавітасці) і аранжава-чырвонага колераў (састаў PbCrO4PbO), свінцова-малібдатныя чырвонага (акрамя PbCrO4 у іх састаў уваходзяць свінцу малібдат PbMoO4 і сульфат PbSO4), цынкавыя жоўтага колеру (найб. шырока выкарыстоўваюцца грунтовачны К. саставу ZnCrO4∙3Zn(OH)2 і малярны 3ZnCrO4∙Zn(OH)2∙K2CrO4∙2H2O) і інш. Выкарыстоўваюць для вырабу грунтовак, фарбаў, эмаляў, паліграфічных і маст. фарбаў.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Р.У.Васілюк.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)