МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,

залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.

Устаноўлены Э.Л.Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos​2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл. Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́С ((Malus) Эцьен Луі) (23.6.1775, Парыж — 23.2.1812),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1810). Скончыў Політэхн. школу (1796), дзе працаваў з 1808. Навук. працы па оптыцы і крышталяфізіцы. Адкрыў палярызацыю святла пры адбіцці ад празрыстых асяроддзяў (1808) і пры пераламленні (1811, незалежна ад Ж.Б.Біо), устанавіў закон змянення інтэнсіўнасці палярызаванага святла (гл. Малюса закон). Распрацаваў тэорыю падвойнага праменепераламлення святла ў крышталях, прапанаваў метад вызначэння аптычнай восі крышталя.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

А.І.Болсун.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)