МА́ЛЬБАРА (Marlborough) Джон Чэрчыл
(Churchill; 26.5.1650, Аш, Вялікабрытанія — 16.6.1722),
англійскі палкаводзец і паліт. дзеяч, ген.-фельдцэйхмайстар (1702), герцаг (1702). У арміі з 1667, удзельнічаў у англа-галандскай вайне 1672—74. З 1685 пасол у Францыі. У 1690 кіраваў барацьбой з якабітамі (антыангл. рух) у Ірландыі. З 1701 галоўнакамандуючы англ. войскамі на кантыненце ў час вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714, атрымаў шэраг перамог. У 1711 адхілены ад камандавання, у эміграцыі. У 1714—16 на службе ў англ. караля Георга I.
т. 10, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЕВА (Алена Мікалаеўна) (7.4.1900, Масква — 13.11.1993),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучылася ў Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва. З 1918 у Малым т-ры. Стварала выразныя па знешнім малюнку драм. і трагедыйныя вобразы моцных, валявых, энергічных жанчын. Сярод роляў: Соф’я («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Надзея Манахава («Варвары» М.Горкага), княжна Плавуціна-Плавунцова («Халопы» П.Гнедзіча), Панова («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера), герцагіня Мальбара («Шклянка вады» Э.Скрыба), місіс Краўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя).
т. 5, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНА вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.
т. 7, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)