Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЧ,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля меліярацыйнага канала Вінец. Цэнтр сельсавета і калгаса-аграфірмы. За 20 км на З ад г. Бяроза, 89 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 2437 ж., 786 двароў (1999).
У 16 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав.ВКЛ. У 1645 атрымала права на самакіраванне. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці ў Пружанскім пав. Гродзенскай губ., 1428 ж.. 71 двор, 2 царквы, яўр. малітоўны дом, сукнавальня, 16 крам, 12 кірмашоў на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Пружанскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на, з 1960 у Бярозаўскім р-не. У 1972—1656 ж., 444 двары.
Пякарня, сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Сямёнаўская царква (1928). Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г. жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГА́НСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 10.5.1934, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла БПІ (1958). З 1958 у БелНДІдзіпрасельбудзе (з 1970 кіраўнік майстэрні тыпавога і эксперым. праектавання). Сярод работ: праект планіроўкі і забудовы цэнтра (1967—73; у сааўт.), Дом культуры (1967), гасцініца (1970), жылыя дамы (1973), пед. вучылішча (1980) у в. Леніна Горацкага р-на; эксперым. дзіцячыя яслі-сад (1970, у сааўт.) у пасёлках Малеч Бярозаўскага і Замасточча Бярэзінскага р-наў; гандл. Цэнтры (1971) у в. Расна Камянецкага і Верцялішкі Гродзенскага р-наў; клуб у в. Баяры Мядзельскага р-на (1972); конна-спарт. школа ў в. Ратамка Мінскага р-на (1978—80, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗЕ́ЛЬКА (Нона Міхайлаўна) (н. 20.7.1937, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла БПІ (1960). З 1960 працуе ў ін-це «НДПдзіпрасельбуд» (з 1969 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы: праект планіроўкі і забудовы в.Малеч Бярозаўскага р-на (1969—89), адм. будынак і бульвар у в. Аснежыцы Пінскага р-на (1983); пас. Жамчужны Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; грамадскія цэнтры ў вёсках Казловічы Слуцкага (1984—89), Морач Клецкага (1986—90) р-наў Мінскай вобл.; Дом культуры (1988), адм. будынак (1993), жылыя мансардавыя дамы (з 1995) у в. Абухава Гродзенскага р-на, Дом культуры ў в. Аўсянка Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1989, у сааўт.), комплекс вучэбнага цэнтра Нац. банка Беларусі (1999) у Раўбічах (Мінскі р-н). Аўтар тыпавых праектаў жылых і грамадскіх будынкаў, школ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́ЎСКІ (Уладзімір Эдуардавіч) (н. 13.9.1930, Мінск),
бел. архітэктар. Засл.арх. Беларусі (1979). Канд. архітэктуры (1966). Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», з 1965 гал. архітэктар, з 1972 дырэктар БелНДІдзіпрасельбуда. З 1965 адначасова выкладаў у БПА. У 1992—2000 гал. эксперт Галоўэкспертызы Мін-ва архітэктуры і буд-ва Беларусі. Асн. работы: праект дэталёвай планіроўкі і забудовы г. Салігорск, праекты дэталёвай планіроўкі зон адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы і воз. Нарач (усе 1959—60), дом адпачынку на воз. Нарач (1959—61), будынак БелНДІдзіпрасельбуда і лабараторны корпус з-да імя Вавілава (1969) у Мінску, праект і забудова в.Малеч у Бярозаўскім р-не (1969—81, усе ў сааўт.).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);
Проектирование и строительство промышленных комплексов. Мн., 1975 (разам з І.Г.Малковым);
Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979 (разам з Р.М.Алімавым);
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,
цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.
Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.
На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в.Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.
Літ.:
Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;
Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;
Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
В.І.Анікін.
Да арт.Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродзенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-ва жылых дамоў, культ.-быт. і вытв. памяшканняў, арг-цыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі ў сельскай мясцовасці. Развіццё С.а. залежыць ад сац.-эканам. ўкладу грамадства, нац.-быт. традыцый, прыродна-кліматычных і экалагічных умоў. З часоў сярэдневякоўя на Беларусі гістарычна склаліся гал. тыпы сельскіх паселішчаў — вёска, слабада, сяло, хутар. Асн. элемент планіроўкі — сял.сядзіба. Асн. тыпам жылля была 4- і 5-сценная хата з глінабітнай або драўлянай падлогаю і саламянай страхою. Каля хаты размяшчалі гасп. будынкі (аборы, адрыны, варыўні, гумны і інш.). Асн.буд. матэрыялы: дрэва, камень, цэгла, саман. Важная роля ў маст. аздабленні будынкаў належала разьбе архітэктурнай. Рысы С.а. мелі таксама культавыя будынкі (капліцы, званіцы і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў сельскім буд-ве пашыраны культ.-быт. (клубы) і вытв. будынкі (жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы і інш.), дамы з 2—3 пакоямі і кухняй-сталовай. У Вял.Айч. вайну на Беларусі разбурана і спалена 9200 вёсак. У пасляваен. гады многія з іх адноўлены ці пабудаваны новыя. У 1970-я г. распрацавана комплекснае буд-ва паводле генпланаў, асновай якіх сталі раённыя планіроўкі. Тэрыторыя пасёлкаў падзялялася на жылую і вытв. зоны (аддзеленыя сан. ахоўнай зялёнай паласой), звязаныя трансп. і пешаходнымі камунікацыямі. У асобных гаспадарках эксперыментаваліся розныя варыянты і прыёмы арх.-планіровачнай арг-цыі жылых пасёлкаў, вытв. комплексаў, інж. абсталявання, тыпы жылых дамоў, кватэр і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння. Паводле эксперым. праектаў забудаваны цэнтр. сядзібы калгасаў і саўгасаў: у вёсках Верцялішкі (арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш., Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы (арх. Заборскі), Сноў (арх. З.Озерава і інш.), Малеч (арх. Н.Нядзелька, У.Сакалоўскі і інш.), Зашыр’е Ельскага р-на Гомельскай вобл. (арх. Емяльянаў, П.Рудзік і інш.), Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (арх. Г.Бяганская, А.Калніньш) і інш. Сельскія пасёлкі маюць арх.-планіровачнае вырашэнне, выгоды і добраўпарадкаванне як гарадскія пасёлкі. Жылую забудову складаюць 2—4-павярховыя шматкватэрныя дамы сядзібнага тыпу (пас.Жамчужны, вёскі Астрамечава Брэсцкага р-на, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.). Значна палепшаны тыпавыя праекты сельскіх жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны шэраг клубных будынкаў, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячых дашкольных устаноў, школьных будынкаў, камбінатаў быт. абслугоўвання і інш. З узбуйненнем гаспадарак, выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў, канструкцый, прагрэс.тэхнал. працэсаў, з паляпшэннем умоў с.-г. працы шырока вялося буд-ва аб’ектаў с.-г. прызначэння (жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы, карпусы кармацэхаў, майстэрні, склады, збожжасховішчы, сянажныя і воданапорныя вежы і інш.), якія арганічна звязаны з архітэктурай населеных месцаў і ландшафтам прыроднага асяроддзя. Узаемасувязь вытв. і сялібнай зон ажыццяўляецца на аснове адзінага маштабу, суразмернага з ландшафтнымі элементамі тэрыторыі. Кантраст верт. вышынных аб’ёмаў (сянажныя і воданапорныя вежы) і гарыз. падоўжаных жывёлагадоўчых будынкаў стварае выразнае арх. аблічча забудовы вытв. зоны (комплекс птушкафабрыкі ў в. Бабінічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Чляненне фасадаў сценавымі панэлямі, выкарыстанне стужачнага шклення надаюць будынкам рысы прамысл. збудаванняў. З 1970-х г. узводзілі буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адм.-быт. карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй, ствараліся буйнагабарытныя блакіраваныя памяшканні. У аснове планіроўкі комплексаў — прынцып функцыян. заніравання. Для С.а. 1980-х г. характэрна буд-ва аграпрамысл. комплексаў і аб’яднанняў. Створаны буйныя шматфункцыян. зоны вытв. прызначэння, аналагічныя прамысл. вузлам у гарадах з выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў (дрэва, прыродны камень, керамічная плітка, шкло, пластмасы і інш.). У 1990-я г. тэмпы жыллёвага буд-ва на вёсцы значна знізіліся, увага аддавалася асобным аб’ектам сац. прызначэння (бальніцы, школы і інш.). Вядучая арг-цыя па праектаванні сельскага буд-ва — унітарнае прадпрыемства Дзіпрасельбуд. Гл. таксама Жыллё, Народнае дойлідства, Драўлянае дойлідства.
Літ.:
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979.
Да арт.Сельская архітэктура. Комплекс птушкафабрыкі ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Сельская архітэктура. Цэнтральная сядзіба калгаса ў вёсцы Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобл.