МАЛА́ЦЬЯ (Malatya),

горад у Турцыі, у цэнтр. ч. Анатоліі. Адм. ц. іля Малацья. Засн. ў 1838. Каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч. (мука, цукар, алкагольныя напіткі), тэкст., тытунёвая. Ун-т. Каля М. археал. раскопкамі выяўлены рэшткі хецкага горада Мілід (руіны царскага палаца, скульптуры, рэльефы).

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),

дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.

Т.Азал.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎФРА́Т,

араб. Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г. Вавілон.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)