Маласы 6/570

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах. ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш. Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦЫ́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, варысцыйская складкавасць, варыская складкавасць,

эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл. Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць ў пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.

Г.У.Зінавенка.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)