ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАЛАДЗЁЖНЫ ТЭА́ТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр. навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел. рэсп. т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.Розава, «Рамонт» М.Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.П.Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.Еранькова паводле твораў О.Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».

У складзе трупы (1997): С.Журавель, У.Емяльянаў, С.Жлан. Г.Лавухіна, В.Ліхадзей, В.Моўчан, А.Унукава, І.Фільчанкоў, А.Хрысціч, А.Шароў і інш. Гал. рэжысёры: Р.Баравік (1985—88), Б.Луцэнка (1988—90), В.Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.Марголін (з 1988).

Р.І.Баравік.

Да арт. Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера.

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.

Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.Бароўская, С.Брылінскі, С.Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.Гадлеўскі, С.Зніч, Г.Касабуцкая, Т.Манкевіч, Б.Міхальская, Г.Слівінскі. В.Сташэўскі, А.Шаляўскі і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА Мінскага клуба КІМ,

першы на Беларусі самадзейны маладзёжны харэаграфічны калектыў. Існаваў у 1926—30. Маст. кіраўнік К.Алексютовіч. У рэпертуары пастаўленыя ім нар. і сцэнічныя танцы (сцэн. варыянты традыц. бел. танцаў «Мікіта», «Лянок», «Казачок», «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Юрачка»), харэагр. карцінкі і сюжэтныя танцы сучаснай тэматыкі. Адыграў важную ролю ў справе далучэння прац. моладзі да маст. культуры.

Л.К.Алексютовіч.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.Д.Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́Е ЖЫЦЦЁ»,

заходнебеларускі маладзёжны часопіс. Выдаваўся з лют. 1921 да студз. 1923 у Вільні на бел. мове; неперыядычна. Заклікаў моладзь да паліт. і сац. самаўсведамлення, салідарнасці з прагрэс. моладдзю інш. краін. Асаблівую ўвагу аддаваў прапагандзе духоўнай спадчыны бел. народа, выхаванню пашаны да яе. Асвятляў падзеі культ. жыцця Зах. Беларусі. Друкаваў вершы У.Жылкі, І.Дварчаніна, У.Дубоўкі, М.Запольскага, М.Парашкевічанкі, Ю.Сергіевіча, В.Сталяронка, С.Глебава, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.Драздовіча (псеўд. І.Разора), М.Ільяшэвіча, літ.-крытычныя артыкулы, нарысы пра творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Коласа. Змяшчаў пераклады твораў на бел. мову А.Герцэна, І.Тургенева, Г.Лангфела. Усяго выйшла 7 нумароў.

А.С.Ліс.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ АБ’ЯДА́ННЕ «БЕЛКАНЦЭ́РТ».

Створана ў 1992 у Мінску ў выніку рэарганізацыі канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт» (да 1990 наз. Белдзяржэстрада) як Рэсп. дырэкцыя эстрадна-цыркавога мастацтва; з 1996 сучасная назва. Маст. кіраўнік В.Вуячыч. У складзе «Белканцэрта» (1997): творчыя аб’яднанні фестываляў і конкурсаў, «Студыя «Сябры», «Верасы»; маладзёжны т-р эстрады, цыркавыя калектывы «Беларусь», «Мінчане», «Паяцы», вак.-інстр. група пад кіраўніцтвам У.Ухцінскага, вак.-інстр. ансамбль «Карусель», вак. ансамбль «Славяне»; эстрадна-харэаграфічны ансамбль «Чараўніцы», харэаграфічныя групы «Сэнс», «Фіеста», танц. ансамбль «Архідэя», цыганскі фалькл. ансамбль «Гіля-Рамэн»; лялечны т-р «Лялькі і акцёры», дзіцячы вак. ансамбль «Званочкі», вял. трупа салістаў-вакалістаў.

А.А.Літвіновіч.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛІШЧЫ,

гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).

Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.С.Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.

Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СПЕ́ЎНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ, Беларуская майстроўня,

маладзёжнае творчае згуртаванне ў 1979—84 у Мінску. Створана студэнтамі БДУ і Бел. тэатр.-маст. ін-та, пазней да яе далучыліся студэнты інш. ВНУ, аспіранты, школьная і рабочая моладзь Мінска. Мэта — адраджэнне ў гарадскім асяроддзі бел. нар. абраднасці, святаў. Удзельнікі майстроўні вывучалі нар. песні, ладзілі святы Калядаў, гукання вясны, Купалля ў Мінску, Заслаўі, Вязынцы, праводзілі дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі. Майстроўня спалучала спеўна-фалькл. дзейнасць з культ.-асв. і палітычнай; адраджэнне бел. нар. культуры разглядала як аптымальную форму выхавання нац. свядомасці. У 1983 пры майстроўні створана Т-ва бел. школы, якое вяло агітацыю за стварэнне беларускамоўных дзіцячых садкоў, школ. Новай формай дзейнасці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб’ектах у Траецкім прадмесці Мінска, на археал. раскопках. Спыніла дзейнасць у 1984 з-за канфліктаў з уладамі. Пераемнікі — Маладзёжны клуб імя У.Караткевіча (1985—86) і клуб «Талака» (з 1987).

В.Вячорка.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.Леантовіч (гал. мастак), І.Алісевіч, Л.Багданаў, В.Данчук, Г.Ліцвіненка, Л.Малышаў, А.Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», « Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.Л.Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МРО́ЖАК ((Mrożek) Славамір) (н. 26.6. 1930, Бажэнчын, Польшча),

польскі пісьменнік, драматург; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў тэатра абсурду. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1963 у эміграцыі (Італія, Францыя, Мексіка). Дэбютаваў у 1950 фельетонамі і гумарэскамі (зб. «Практычныя паўбраневікі», 1953). Аўтар аповесцей «Маленькае лета» (1956), «Маніза Клаўе» (1963), зб-каў апавяд. «Слон» (1957), «Дождж» (1962), «Два лісты» (1974), «Малая проза» (1990), цыклаў сатыр. малюнкаў і інш. Вядомасць прынеслі гратэскава-сатыр. і парадыйныя п’есы (зб-кі «Пехатой», 1983; «Танга. Вада», 1984), у якіх узнімае праблемы мастацтва і рэчаіснасці, абсурднасці існавання. Яго творы адметныя фантасмагарычнасцю і прытчавасцю, насычаны сімволікай. Паводле п’ес М. Бел. т-р імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Эмігранты» (1989), «Дом на мяжы» (1992), «Чароўная ноч» (1997), Гродзенскі абл. т-р лялек — «Стрыптыз. Ка́раль» (1993), Дзярж. маладзёжны т-р — «Запрашэнне на танга» (1995), Мінскі малы тэатр-студыя — «Дзень нараджэння Чэлентана» (1999) На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Дубянецкі, В.Ракіцкі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Пры зачыненых дзвярах. Мн., 1995;

Рус. пер — Хочу быть лошадью: Сатир. рассказы и пьесы. М., 1990;

У кн.: Театр парадокса. М., 1991.

Літ.:

Błoński J Wszystkie sztuki Sławomira Mrożka. Kraków, 1995.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́СЦЬ»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.Кулакоўскі (1953—58), П.Панчанка (1958—66), А.Асіпенка (1966—72), Г.Бураўкін (1972—78), В.Зуёнак (1978—82), А.Грачанікаў (1982—91), Г.Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.

У часопісе друкаваліся А.Адамовіч, С.Александровіч, Асіленка, В.Бечык, П.Броўка, Р.Бярозкін, В.Вітка, С.Гаўрусёў, Л.Геніюш, А.Грачанікаў, У.Дубоўка, У.Калеснік, У.Караткевіч, К.Кірэенка, Я.Колас, Кулакоўскі, А.Куляшоў, М.Лынькоў, П.Макаль, Я.Маўр, І.Мележ, В.Палтаран, Панчанка, Б.Сачанка, М.Стральцоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, Я.Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.Адамчык, С.Андраюк, М.Арочка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Я.Брыль, Дз.Бугаёў, Бураўкін, В.Быкаў, А.Васілевіч, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, У.Гніламёдаў, У.Дамашэвіч, А.Жук, С.Законнікаў, Зуёнак, М.Ермаловіч, В.Каваленка, К.Камейша, А.Кудравец, Я.Лецка, А.Лойка, І.Навуменка, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, У.Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.Драчоў, А.Кашкурэвіч, М.Купава, А.Марачкін, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».

Г.В.Далідовіч.

Вокладка часопіса «Маладосць». 1999.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)