МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),
расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міклуха-Маклай М. М. 1/363; 7/191—192; 11/487
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез.Ірыян),
в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс.км2 (паводле інш. даных — 771,9 тыс.км2). Нас. больш за 5 млн.ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах.ч. — тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх. — тэр.дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на 3 пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн.ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд.ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд.ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт.Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.М.Міклуха-Маклай.