Майданак (канцэнтрац. лагер) 5/401; 6/541

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙДА́НАК (Majdanek),

канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных Тазавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс. чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс. чал., у т.л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр. б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалейпантэон.

Літ.:

Zeszyty Majdanka. T. 1—15. Lublin, 1965—94;

Majdanek 1941—1944. Lublin, 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН (Lublin),

горад на У Польшчы, на р. Быстшыца. Адм. ц. Люблінскага ваяводства. 350 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Эканам. і культ. цэнтр усх. ч. Польшчы. Прам-сць: машынабуд. (у т.л. аўтамабільная і вытв-сць с.-г. машын), харч. і харчасмакавая (цукр., мясная, мукамольная, макаронная, тытунёвая, піваварная, спіртагарэлачная), гарбарна-абутковая, швейная, галантарэйная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. 5 ВНУ, у т.л. ун-т. Бат. сад. Біскупства. Люблінскі музей. Арх. помнікі: каралеўскі замак (13—19 ст., цяпер музей), ратуша, дамы, палацы і касцёлы (14—18 ст.) у стылях готыкі, рэнесансу, барока.

У 10—11 ст. гандл. паселішча. У 13 ст. неаднаразова быў разбураны татарамі, русінамі, яцвягамі. З канца 13 ст. належаў галіцка-валынскім князям (да 1302). Гар. правы з 1317. Прывілей на гандаль з ВКЛ (1383), мытныя прывілеі і інш. спрыялі хуткаму развіццю горада. Гал. цэнтр гандлю паміж Каронай (Польшчай) і ВКЛ, месца правядзення міжнар. кірмашоў; значны асяродак рамеснай вытв-сці. З 1474 цэнтр ваяводства. У Л. адна з буйнейшых і найб. значных у Польшчы яўр. абшчын (з 11 ст.); з 1623 месца правядзення сеймаў яўрэяў Кароны. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў Рэфармацыі; да 1648 існавала абшчына антытрынітарыяў (М.Чаховіц і інш.), кальвінская абшчына. Месца заключэння Люблінскай уніі 1569. У 1795 уключаны ў склад Аўстрыі, у 1809 — Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны аўстр. войскамі. У 2-ю сусв. вайну ў прадмесці Л. створаны ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер Майданак. У ліп. 1980 у горадзе адбыліся забастоўкі рабочых.

Н.К.Мазоўка (гісторыя).

Каралеўскі замак у Любліне.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)