МАДЭ́РА ((Madero) Франсіска Індалесіо) (30.10.1873, Парас, Мексіка — 22.2. 1913),
дзяржаўны дзеяч Мексікі. Вучыўся ў Мексіцы, Францыі, ЗША. Лідэр ліберальнага прадпрымальніцка-памешчыцкага руху супраць дыктатуры П.Дыяса, адзін з арганізатараў і кіраўшкоў (на 1-м этапе) Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Прэзідэнт Мексікі з ліст 1911. Абараняў інтарэсы нац. прадпрымальніцтва і суверэнітэт краіны, абмяжоўваў уплыў замежнага капіталу, але, насуперак сваім абяцанням, выступіў супраць агр. рэформы. Скінуты і забіты ў выніку контррэв. мяцяжу ген. В.Уэрты.
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),
моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
САПА́ТА ((Zapata) Эміліяна) (8.8.1879, Аненекуілька, Мексіка — 10.4.1919),
адзін з кіраўнікоў Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Удзельнік і кіраўнік барацьбы сялян раёна Куаутлы за сваю зямлю супраць латыфундыстаў. З пач. рэвалюцыі выступіў на баку Ф.І.Мадэра супраць дыктатуры П.Дыяса, стварыў сял. армію, якая дзейнічала на Пд ад г. Мехіка. Калі Мадэра выявіў няздольнасць вырашыць агр. пытанне, С. прапанаваў сваю агр. праграму (т.зв. «план Аяла»), якая прадугледжвала канфіскацыю зямель латыфундыстаў і іх размеркаванне сярод беззямельных сялян. У 1913—14 на чале Вызваленчай арміі Поўдня змагаўся супраць дыктатуры В.Уэрты. Пасля таго як Уэрта быў скінуты (ліп. 1914), сумесна з Ф.Вілья выступіў супраць прэзідэнта В.Карансы, які марудзіў з вырашэннем зямельнага пытання. Іх атрады занялі г. Мехіка (снеж. 1914 — студз. 1915), але былі вымушаны пакінуць яго. Забіты адным з паплечнікаў. Імя С. носіць леварадыкальны паўстанцкі рух у мексіканскім штаце Ч’япас, які з сярэдзіны 1990-х г. вядзе ўзбр. барацьбу за правы індзейцаў.
т. 14, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́ЙРА (Madeira),
група астравоў у Атлантычным ак., на ПнЗ ад Афрыкі. Тэр. Партугаліі. Пл. 797 км². А-вы М. — вяршыні падводных вулканаў. Самы буйны з іх в-аў Мадэйра (выш. да 1860 м, вулкан Піку-Руйву). Клімат марскі міжземнаморскі. Зараснікі маквісу, гаі каштанавых, лаўровых дрэў, хвой. Трапічнае земляробства (цукр. трыснёг, садавіна), вінаградарства, вінаробства (мадэра), рыбалоўства. Рамёствы. На М. — зімовыя кліматычныя курорты і цэнтры турызму. Гал. горад і порт — Фуншал.
т. 9, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)