МАГІЛЬНЯ́НСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—17 ст. каля в.Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл. Паводле інвентара 1536 быў пабудаваны Станіславам Пацам. Размяшчаўся на правым беразе Нёмана і займаў чатырохвугольную пляцоўку памерамі 110 × 65 м, абкружаную валам. Яна аддзялялася ад прызамча ровам глыб. да 8 м. Ва ўсх. частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. У замку мелася ўязная брама з пад’ёмным мостам-«узводам» і не менш як 4 вуглавыя вежы. Пад абаронай замка знаходзіліся «село Могильно, двор Могильно» і «местечко Могильно». Як сведчыць інвентар, замак быў забяспечаны рознай зброяй, і ў час небяспекі яго маглі абараняць больш за сто добра ўзброеных воінаў. М.з. страціў ролю абарончага пункта ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.
т. 9, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́ЛЬНА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г.п. Узда, 90 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Коласава. 515 ж., 218 двароў (1999).
Упершыню згадваецца пад 1284 як месца бітвы вял. кн. ВКЛ Рынгольда з кааліцыяй кіеўскіх, уладзімірскіх, друцкіх князёў і татар (гл. Магільнянская бітва 1284): Пазней велікакняжацкае ўладанне. З 1-й чвэрці 15 ст. ўласнасць Альгердавічаў, з 1512 — Пацаў (М.Пац пабудаваў касцёл), з 1602 — М.К.Радзівіла Сіроткі, з 1830-х г. — Вітгенштэйнаў. Перад 1480 у крыніцах названа мястэчкам. У 16 ст. ў М. дзейнічала прыстань, у 16—17 ст. існаваў Магільнянскі замак. У час войнаў сярэдзіны 17 ст. М. разбурана. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У канцы 18 ст. 374 ж., 92 двары, уніяцкая царква, млын, карчма, верф. У 1863 М. наведаў мастак Н.Орда і зрабіў яе замалёўкі. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на. З 1937 працавала электрастанцыя. У 1972—497 ж., 172 двары. У 1979—91 наз. Нёман.
Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі рэшткі Магільнянскага замка.
В.У.Шаблюк.
т. 9, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)