МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.

Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.

А.П.Чарнякова.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЮ АКСІ́Д, паленая магнезія,

злучэнне магнію з кіслародам; асноўны аксід, MgO. У прыродзе рэдкі мінерал перыклаз.

Бясколернае крышт. рэчыва, tпл 2827 °C, шчыльн. 3580 кг/м​3. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Дробнакрышт. М.а. паглынае вуглякіслы газ і вадзяную пару, лёгка ўзаемадзейнічае з к-тамі. Атрымліваюць абпальваннем магнезіту і даламіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, магнезіяльнага цэменту (гл. Магнію злучэнні), пры вулканізацыі гумы, для ачысткі нафтапрадуктаў, у медыцыне (сродак для зніжэння кіслотнасці страўнікавага соку, лёгкае слабіцельнае).

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІДРО́Н,

гл. ў арт. Магнію злучэнні.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНЕ́ЗІЯ ПА́ЛЕНАЯ,

тое, што магнію аксід.

т. 9, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ СОЛЬ, горкая соль,

назва магнію сульфату ў якасці слабіцельнага сродку.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЗЕРЫ́Т (ад імя ням. вучонага Д.Кізера),

мінерал класа сульфатаў, водны сульфат магнію, Mg[SO4]∙H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі рэдкія; звычайна ў выглядзе шчыльных дробназярністых агрэгатаў. Колер белы, шараваты да жаўтаватага. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 2,57 г/см³. Асадкавага паходжання; тыповы мінерал выкапнёвых саляных радовішчаў. Руда магнію.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІШАФІ́Т (ад прозвішча ням. вучонага Г.Бішафа),

мінерал класа галагенідаў, водны хларыд магнію MgCl2·6H2O. Прымесь брому да 1%.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, ліставатыя, валакністыя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны да цьмянага. Цв. 1—2. Крохкі. Шчыльн. 1,6 г/см³. Гіграскапічны. Мае пякуча-горкі смак. У саляных адкладах сульфатнага тыпу, багатых магніем. Другарадны мінерал пакладаў карналіту і галіту. Сыравіна для атрымання магнію і яго злучэнняў, вытв-сці магнезіяльнага цэменту і інш.

т. 3, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ВАДА́,

вада мораў і акіянаў. Агульны аб’ём у Сусв. ак. 1370 млн. км³. Уяўляе сабой аднародны раствор, у якім 96,5% вады і 3,5% солей (у т. л. 85% хларыду натрыю, у значнай колькасці хларыду магнію, сульфату магнію і кальцыю і браміду натрыю), а таксама завіслыя цвёрдыя часцінкі, раствораныя газы і арган. рэчывы (1—5 мг/л). Сярэдняя салёнасць (вызначаецца ў праміле — ‰) М.в. ў акіяне блізкая да 35‰ (ад 33,99‰ на 50° паўд. ш. да 35,79‰ на 5° паўн. ш.), на Пн Чырвонага м. павышаецца да 41,5‰. Шчыльнасць мяняецца ў залежнасці ад т-ры і салёнасці. У адрозненне ад прэснай М.в. замярзае пры т-ры найб. шчыльнасці (-1,9 °C). Скорасць гуку ў М.в. і яе электраправоднасць большыя, чым у прэснай вады, і нарастаюць з павышэннем салёнасці і т-ры. З М.в. здабываюць хларыды натрыю, магнію, брому і інш.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,

утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РСТКАСЦЬ ВАДЫ́,

сукупнасць уласцівасцей прыроднай вады, якія абумоўлены наяўнасцю раствораных у ёй солей кальцыю Ca і магнію Mg. Адрозніваюць карбанатную (часовую, ліквідуюць кіпячэннем) і некарбанатную (пастаянную), якія разам складаюць агульную Ж.в. (сума канцэнтрацый катыёнаў Ca​2+ i Mg​2+).

Карбанатная Ж.в. выклікана прысутнасцю гідракарбанатаў, некарбанатная — сульфатаў, хларыдаў, сілікатаў, нітратаў, фасфатаў кальцыю і магнію. Выкарыстанне жорсткай вады прыводзіць да ўтварэння накіпу ў паравых катлах, абагравальных прыладах, павялічвае расход мыла пры мыцці, ускладняе варку агародніны і мяса. Памяншаюць Ж.в. вапнава-содавым метадам (дабаўленне вапны і соды) ці іонаабменнымі метадамі (гл. Іаніты).

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)