МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),

рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маас В. 12/595

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЁЗ,

адна з назваў р. Маас.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́СТРЫХТ (Maastricht),

горад на Пд Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Лімбург. 114 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Маас і каналах. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: шкляная і керамічная, маш.-буд., хімічная. Ун-т. Лімбургскі музей мастацтва і архітэктуры (у манастыры Бонефантэн, 17 ст.), Епіскапскі музей. Арх. помнікі 10—18 ст.: цэрквы, манастыры, жылыя дамы, ратуша.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЮ́Р, Намен (франц. Namur, флам. Namen),

горад на Пд Бельгіі, каля ўпадзення р. Самбра ў Маас. Адм. ц. правінцыі Намюр. 104 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: хім., тэкст., гарбарная, харч., азбеставая. Вядомая з сярэднявечча вытв-сць кухонных катлоў, нажоў, меднага посуду. У наваколлі — буйныя шкляныя з-ды. Ун-т. Музеі: археал., епархіяльны і атэля дэ-Круа. Арх. помнікі 9—18 ст.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАБА́НТ (Brabant),

гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав. Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЕЖ, Лёйк (франц. Liége, флам. Luik),

горад на У Бельгіі, у сутоках рэк Маас і Урт. Адм. ц. прав. Льеж. Засн. ў 8 ст. як рэзідэнцыя епіскапа. 196 тыс. ж. (1992). Буйны трансп. вузел, порт (каналам Альберта звязаны з Антверпенам). Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, металаапр. і маш.-буд., хім., гумава-тэхн., ваенная, цэм., тэкст. і харчовая. Вытв-сць хрусталю, паляўнічай і спарт. зброі. Здабыча каменнага вугалю. Каралеўскае навук. т-ва (з 1835), Акадэмія мастацтваў, ун-т (з 1817), кансерваторыя (з 1826).

Стары горад размешчаны на паўн. узвышаным беразе р. Маас. Арх. помнікі: цэрквы Сен-Бартэлемі (11—12 ст., раманскі стыль), Сен-Жак (11—16 ст.) і Сент-Круа (13—14 ст.) з раманскімі і рэнесансавымі рысамі, сабор Сен-Поль (13—15 ст., готыка).

Сярод помнікаў грамадз. архітэктуры палац князёў-епіскапаў (пачаты ў 10 ст., 1145—64, майстар Х. дэ Леен, 1526—36. арх. А. ван Мулкен; цяпер Палац юстыцыі), б. Мясныя рады (1545), дом Курцыуса (1600—10; цяпер Археал. музей), ратуша (1714—18, класіцызм). З 20 ст. на ПдЗ развіваецца новы горад. Найб. значныя збудаванні: жылы комплекс Плен-дэ-манёўр (1956, арх. Ш.Карлье), ун-т з бальнічным комплексам (1970, арх. СЛ.Стрэбель, Ш.Вандэнгоф) і інш. Помнікі: кампазітару А.Грэтры (1842, скульпт. В.Гефс), скульптару Ж.Дэлькуру (1911, П. дзю Буа і М.Кален), «Ле Перон» — сімвал вольнасцей і прывілеяў горада (1697—98, скульпт. Ж.Дэлькур). Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтваў г. Льеж, валонскага побыту, епархіяльны, шкла, Зала Вітэрт і інш.

І.Л.Чэбан (архітэктура).

Палац епіскапаў у Льежы.
Да арт. Льеж. Помнік «Ле Перон».

т. 9, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАНЦЭ́РН ПА БУДАЎНІ́ЦТВЕ І ЭКСПЛУАТА́ЦЫІ МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫХ І ВОДАГАСПАДА́РЧЫХ СІСТЭ́М, «Белмеліявадгас». Створаны ў 1993 на базе Мін-ва меліярацыі і аднаўлення зямель (б. Мінвадгас) як «Белвадгас», з 1995 сучасная назва. Уключае: ВА «Брэстмеліявадгас», «Гомельмеліявадгас», «Магілёўмеліявадгас», «Віцебсквадбуд», «Гроднавадбуд», «Мінсквадбуд», «Магілёўвадбуд», «Магілёўбуд», «Палесжылбуд», «Будіндустрыя» (з Беларускім экскаватарным заводам), трэсты «Калінкавічывадбуд», « Салігорсквадбуд», «Пінсквадбуд»; арэндныя прадпрыемствы «Брэствадбуд», «Гомельвадбуд», «Гомельсаўгасбуд»; акц. т-ва «Пінсксаўгасбуд»; каля 350 ПМК, міжраённыя ўпраўленні асушальных і арашальных сістэм (МААС), Мінскі доследна-эксперым. мех. з-д, шэраг з-даў жалезабетонных вырабаў (у Калінкавічах, Скідзелі, Хойніках і інш.). У складзе «Белмеліявадгаса» н.-д. і праектныя ін-ты «Белдзіправадгас» (Мінск) і «Палесседзіправадгас» (Пінск). Ажыццяўляе меліярац. і водагасп. буд-ва і эксплуатацыю меліярац. сістэм, навук.-тэхн. распрацоўкі і стварэнне праектаў па праблемах меліярацыі зямель, гасп. водакарыстання і рацыянальнага комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў.

В.А.Філімонаў.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

баі паміж германскімі і французскімі войскамі за ўмацаваны раён Вердэна 21 лют. — 21 снеж. ў час 1-й сусв. вайны.

Тэрм. вярх. камандаванне вырашыла ў 1916 нанесці гал. ўдар на Зах. фронце супраць Вердэнскага выступу, які быў апорай усяго франц. фронту. На 15-кіламетровым участку прарыву супраць 2 франц. дывізій было выстаўлена 6,5 дывізій 5-й герм. арміі. Атака 21—25 лют. на правым беразе р. Мёз (Маас) сустрэла ўпартае супраціўленне франц. войск і прарыў не быў зроблены. У сак. герм. войскі гал. ўдар перанеслі на левы бераг ракі, але прасунуліся толькі на 6—7 км. 24 кастр. франц. войскі перайшлі ў контрнаступленне і 21 снеж. выйшлі на рубеж, які займалі 25 лютага. Вердэнская аперацыя была для Германіі беспаспяховай: яна ўвяла 50 дывізій са 125 і страціла каля 600 тыс. чал. Францыя выставіла 65 дывізій са 125 і страціла 358 тыс. чал.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),

горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф. прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).

У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст. ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)