ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),

1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:

Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету —
Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.​Панчанка. «Зялёнае гняздо»)

Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.

2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕ́РБАЛА (ад грэч. hyperbolē перабольшанне),

мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЖНІ́ЛКІ,

кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатыр. характару; жанр дзіцячага фальклору. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генет. сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору нар. гумарам. Д. выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Д. ўласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976. С. 111—122.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,

акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.

П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.​Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.​Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.

В.​П.​Рагойша (літаратура).

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)