Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Лісіца,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лучайка, за 18 км на У да г. Паставы. Пл. 0,85 км², даўж. каля 1,7 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 5,1 м, даўж. берагавой лініі каля 4,7 км. Пл. вадазбору 6,25 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, разараныя. Дно мае плаўны нахіл да цэнтра, мелкаводдзе пясчанае, глыбей укрыта ілам. Зарастае каля 20% пл. возера. На З выцякае ручай у воз. Лучай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лісіца (воз.), гл.Лісіцкае
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас.р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб.шыр. 1,45 км, найб.глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 47,8 тыс.чал. (2000), гарадскога 55,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Паставы. Уключае г.п.Bapanaeea і Лынтупы, 523 сельскія населеныя пункты, Варапаеўскі і Лынтупскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Белькаўскі, Ваўкоўскі, Дунілавіцкі, Казлоўшчынскі, Камайскі, Курапольскі, Мягунскі, Навасёлкаўскі, Палескі, Шыркаўскі, Юнькаўскі, Ярэўскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Дзісенскай нізіны, паўд. — Свянцянскіх град. Паверхня на Пн плоская, забалочаная, на Пд — градава-ўзгорыстая са шматлікімі озамі, камамі і азёрнымі катлавінамі. 55% тэрыторыі знаходзіцца на выш. да 150 м, 21% — 170—200 м, найвыш. пункт 228 м (каля в. Камаі). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі, пяскі, торф, сапрапель, прэснаводныя вапнавыя адклады. Сярэдняя т-растудз. -6,8 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. рэкі Дзісна, Лучайка, Мядзелка і Галбіца; на ПдЗ выток р. Страча. Найб. азёры: Вялікія Швакшты, Лучай, Малыя Швакшты, Доўжа, Вялікае Сурвілішскае, Лодасі, Свідна, Задзеўскае, Лісіцкае, Світа. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (19%). Пад лесам 38% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, трапляюцца чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, дубовыя і інш. Пад балотамі 5% тэрыторыі. На тэр. раёна частка нац. парку Нарачанскі, гідралагічны заказнік рэсп. значэння Швакшты. Заказнікі мясц. значэння: ландшафтныя — Карагач, Палескія Узгоркі, Сяргеевіцкія Узгоркі, Саранчанскія грады, Спорыцкая ледавіковая лагчына; батанічны — Лынтупскі; ахоўныя тарфянікі — Равы, Гіненкі і Каліты. Помнікі прыроды рэсп. значэння: горы Маяк, Баяроўшчына, Лысая; вял. камяні Заўлечанскі, Лодаскі, Мягунскі, Дзіравы камень Каптарунскі, Чортаў камень Саболкаўскі. Помнікі прыроды мясц. значэння: горы — Балдоўшчына, Гара вялікая, Гараватка; Жуперская града; узгоркі — Барадзінскі і Чарнецкі; вял. камяні — Зыбалішскі, Камайскі, Трапшавіцкі, Чашкаўшчынскі; камень Казнадзеюшскі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 81,2 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 36 фермерскіх гаспадарак, аграфірмы «Зара», «Рассвет», ААТ «Паставыаграсервіс», «Райаграпрамтэхніка». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (тэлерадыёкампаненты), буд. матэрыялаў (бетонныя і жалезабетонныя вырабы), шкляной (слоікі), ільняной (перапрацоўка льновалакна), дрэваапр. (мэбля, у т. л. для навучальных устаноў), харч. (мясная і малочная прадукцыі, спірт, кансервы — Пастаўскі кансервавы завод), кааператыўнай прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Полацк—Вільня, Варапаева—Друя; аўтадарогі Полацк—Вільня, Віцебск—Браслаў—Паставы—Мядзел і інш. У раёне 13 сярэдніх, 18 базавых, 13 пачатковых школ, школа-садок, маст. школа, школа мастацтваў, 3 муз. школы, 2 школы-інтэрнаты, прафесійна-тэхн. ліцэй, 19 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 40 б-к, 6 бальніц, 2 амбулаторыі, 32 фельч.-ак. пункты. Пастаўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: царква (1-я пал. 20 ст.) у в. Апідамы, Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Асінагарадок, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Груздава, Троіцкі касцёл (1769—73) у в. Дунілавічы, касцёл Іаана Хрысціцеля (1603—06) у в. Камаі, парк (канец 18 — пач. 19 ст.) каля хутара Крыкалы, касцёл Тадэвуша (1766) у в. Лучай, царква (пач. 20 ст.) у в. Манькавічы, парк (2-я пал. 18 ст.) у в. Нарыца. Гістарычныя помнікі: каменны крыж (15—16 ст.), надпіс не расшыфраваны, у в. Камаі; стэла (1975) на месцы былой в. Альцы, спаленай ням. фашыстамі ў 1943. Выдаецца газ. «Пастаўскі край».