ЛІСТАПА́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясныя фармацыі з лістападных раслін, якія скідваюць лісце ў неспрыяльны для вегетацыі перыяд. Характэрныя для лясных зон умераных кліматычных паясоў, дзе прадстаўлены драбналістымі і шыракалістымі лясамі, якія скідваюць лісце ў халодную пару года; у субэкватарыяльных і трапічных кліматычных паясах Л л. прадстаўлены сезоннымі трапічнымі лясамі, якія скідваюць лісце ў сухі перыяд. Гл. таксама Лістапад.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНГРЭ́К,

куэставы ўступ плато Карат, пераважна ў Тайландзе (уздоўж мяжы з Кампучыяй і Лаосам). Даўж. каля 300 км. Выш. да 761 м. Складзены пераважна з пясчанікаў. Паўн. схілы спадзістыя, паўднёвыя — стромкія, моцна расчлянёныя. Клімат субэкватарыяльны. Трапічныя лістападныя лясы, саванны. У зах. частцы Д. нац. парк Кхаўяй.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЫПУ́Р,

нацыянальны парк на Пд Індыі, на Дэканскім пласкагор’і, у паўн. адгор’ях горнага масіву Нілгіры. Засн. ў 1941 (да 1973 рэзерват). Пл. каля 85,5 тыс. га. Вышыня да 1223 м. Сухія лістападныя лясы, крывалессе з пышным травастоем. Багатая фауна млекакормячых (слон, тыгр, леапард, мядзведзь гібаян, алені, малпа, антылопы, грызуны), птушак, рэптылій.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАБА́ЛУ (Kinabalu),

горны масіў на Пн в-ва Калімантан, у Малайзіі. Выш. да 4101 м (найвыш. ў Малайскім архіпелагу). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. Трапічныя вечназялёныя і лістападныя лясы, вышэй 3500 м — хмызнякі і лугі. Фауна: гібон, арангутанг, суматранскі насарог, замбар, барадаты дзік, бантэнг, каля 600 відаў птушак. Нац. парк.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНО́ЛІЯ (Magnolia),

род кветкавых раслін сям. магноліевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Амерыцы. Культывуецца больш за 15 відаў (лістападныя ва ўмераных, вечназялёныя ў трапічных і субтрапічных зонах).

Дрэвы і кусты з простым, часам буйным (да 1 м) лісцем. Лісце мае ў сабе алкалоіды, эфірны алей і гліказіды. Кветкі верхавінкавыя, адзіночныя, двухполыя. Плод — спіральная шматлістоўка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],

расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЬНАЕ ДРЭ́ВА (Sapindus),

род кветкавых раслін сям. сапіндавых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Амерыкі. Культывуюць у тропіках і субтропіках Для атрымання сапанінаў.

Вечназялёныя ці лістападныя дрэвы. Лісце чаргаванае, перыстае. Кветкі ў мяцёлчатым суквецці. Плады багатыя сапанінамі (да 38%) і выкарыстоўваюцца як заменнік мыла. Часам М.д. наз. кёльрэйтэрыю мяцёлчатую (дрэва таго ж сям.), мае сапаніны ў кары.

Мыльнае дрэва.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРАПЛО́ДНІК (Physocarpus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомы П. каліналісты (Ph. opulifolius).

Лістападныя кусты выш. да 4 м з густой кронай. Лісце 3—5-лопасцевае. Кветкі белыя або ружовыя ў шчытках. Плод — складаная лістоўка. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Пузыраплоднік каліналісты.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).

Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.

Курыльскі чай.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́ННІК (Sorbaria),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.

Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабіннік рабіналісты.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)