Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д,
фізіялагічны працэс у дрэў, кустоў, радзей траў, звязаны з ападаннем лісця. Выпрацаванае ў працэсе эвалюцыі прыстасаванне да памяншэння паверхні наземных органаў у неспрыяльных умовах. Скарачае страту вільгаці і прадухіляе паломку галін пад цяжарам снегу. Перад Л. у лісці адбываюцца біяхім., фізіял. і структурныя змены. Разбураецца хларафіл, захоўваюцца караціноіды (абумоўліваюць восеньскую афарбоўку). Пажыўныя рэчывы (бялкі, вугляводы, мінер. злучэнні) 3 лісця адцякаюць у сцябло, плады, насенне, клубні, карэнішча і інш. Каля асновы ліста або чаранка паяўляецца аддзяляльны слой клетак, які лёгка разрываецца. Пад цяжарам ліста, парывамі ветру праводзячы пучок, што ўтрымлівае ліст на сцябле, ірвецца і ліст ападае. Пры рэзкіх паніжэннях т-ры, засусе, паяўленні шкодных газаў у паветры і інш. лісце хутка адмірае без утварэння аддзяляльнага слоя і доўга трымаецца на расліне ў засушаным стане. Ападанне лісця характэрна пераважна для раслін кліматычных паясоў з неспрыяльным сезонам: ва ўмеранай зоне — зімой, у трапічнай — у засуху. Адрозніваюць лістападныя (скідваюць усё лісце на пэўны час) і вечназялёныя расліны. Лістападныя дрэвы ў вільготнатрапічных лясах стаяць без лісця некалькі дзён, ва ўмераным поясе — да 8—9 месяцаў. У вечназялёных раслін (елка, брусніцы, журавіны, хвоя) лісце ападае паступова і зменьваецца раз у 2—30 гадоў. Выкліканы штучна Л. наз.дэфаліяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК (лац. Horologium),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,9 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — лістапад. Гл. таксама Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНЫ́НІ ((Bolognini) Маўра) (н. 28.6.1922),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Эксперым. цэнтры ў Рыме. Майстар экранізацый твораў італьян. і франц. л-ры: «Бурная ноч» П.Пазаліні (1959), «Недарэчны дзень» А.Маравія (1960), «Цудоўны лістапад» Э.Паці (1968), «Пармскі манастыр» Стэндаля (1980, тэлевізійны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТ ((Kent) Рокуэл) (21.6.1882, г. Тарытаўн, ЗША — 13.3.1971),
амерыканскі мастак, пісьменнік, прадстаўнік амер. рэалізму. Ганаровы чл.АМСССР (1962). Скончыў Калумбійскі ун-т, вучыўся жывапісу ў У.М.Чэйза і Р.Хенры (1909). Шмат вандраваў па Пн ЗША і інш. краін. Уражанні ад паўн. прыроды і побыту жыхароў адлюстроўваў у маст. і літ. творах. Рабіў антыфаш. плакаты і карыкатуры. Ілюстраваў уласныя кнігі, амер., зах.-еўрап., рус. аўтараў. Сярод жывапісных твораў: «Працаўнікі мора», «Зіма» (абодва 1907), «Вяртанне паляўнічага. Паўночная Грэнландыя» (1933), «Лістапад у Паўночнай Грэнландыі», «Поўнач» (1935—37), «Рака Осейбл. Зіма» (1960) і інш. Аўтар кніг, напісаных на аснове сваіх падарожжаў: «У дзікім краі» (1920), «Курс N by Е» (1930), «Саламіна» (1935), «Пра людзей і горы» (1959), «Грэнландскі дзённік» (1962), а таксама аўтабіягр. «Гэта маё ўласнае» (1940), «Гэта я, Божа!» (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАЛІЯ́НТЫ,
хімічныя рэчывы, што паскараюць ападанне лісця ў раслін. Д. стымулююць утварэнне этылену — прыроднага рэгулятара росту, які садзейнічае фарміраванню аддзяляльнага слоя ў аснове чаранка, што выклікае ападанне лісця (штучны лістапад). Д. з’яўляюцца некат. дэсіканты (хларат магнію, хларат-хларыд кальцыю). Выкарыстоўваюць Д. для перадуборачнага пазбаўлення ад лісця (дэфаліяцыя) на пасевах бавоўніку, бульбы, насеннага лубіну і інш.с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,
лясныя фармацыі з лістападных раслін, якія скідваюць лісце ў неспрыяльны для вегетацыі перыяд. Характэрныя для лясных зон умераных кліматычных паясоў, дзе прадстаўлены драбналістымі і шыракалістымі лясамі, якія скідваюць лісце ў халодную пару года; у субэкватарыяльных і трапічных кліматычных паясах Л л. прадстаўлены сезоннымі трапічнымі лясамі, якія скідваюць лісце ў сухі перыяд.Гл. таксама Лістапад.