Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКІ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Гродна—Ліда—Іўе. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 138 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Гаўя. 1480 ж., 596 двароў (1999).
З 16 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 1856, калі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Л. аб зацвярджэнні іх у мяшчанскім званні, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. У 1861 і 1862 адбыліся сял. хваляванні, якія былі задушаны войскамі. У канцы 19 ст.Л. — мястэчка, цэнтр воласці ў Ашмянскім пав. Віленскай губ., каля 1,7 тыс.ж., больш за 200 двароў, касцёл, школа, бальніца, 12 крам, бровар, 5 кірмашоў за год. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Іўеўскага р-на. У 1972—831 ж., 260 двароў.
Іўеўская райаграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл, капліца (2-я пал. 19—пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПІ́ТА,
рака ў Беларусі, у Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток Гаўі (бас. Нёмана). Даўж. 23 км. Ад вытоку на працягу 5 км каналізаваная. На рацэ каля вёсак Кузьмічы і Ліпнішкі сажалкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНЯ,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Нарва каля аўтадарогі Ліда — в.Ліпнішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на У ад Ліды, 115 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Гутна. 397 ж., 134 двары (1997). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІНЕ́РЫ,
сяляне-паўстанцы, узброеныя вертыкальна асаджанымі косамі. Назва замацавалася за сялянамі-добраахвотнікамі з першых паўстанцкіх атрадаў (батальёнаў) паўстання 1794. К. ўдзельнічалі ў бітвах каля в. Паляны, Ліпнішкі, Солы, Крупчыцы і інш. Яны складалі каля ⅓ агульнай колькасці паўстанцкіх атрадаў. К. называлі і ўзброеных косамі ўдзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНІШКАЎСКІ КАЗІМІ́РАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в.Ліпнішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1890 з цэглы і граніту. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая 2-ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асн. аб’ёму сіметрычна прыбудаваны невял. сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепта. Сцены абліцаваны гранітам, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Гал. ўваход вылучаны парталам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕЎСКІ РАЁН,
на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс.км2. Нас. 37,8 тыс.чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км2.
Цэнтр раёна — г.п.Іўе, г.п.Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в. Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел;.буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб р Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс.га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 79,2 тыс.га, з іх асушаных 25,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в.Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в. Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».