Ліпецк (г.) 6/380

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦК,

горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс. ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.В.Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.

Літ.:

Колтаков В.М.Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;

Липецк: (Справ.-путеводитель). [Воронеж], 1967.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАП’Я́НАЎ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1899, г. Ліпецк, Расія — 11.8.1980),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1943). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1929). Удзельнік выратавання экіпажа парахода «Чэлюскін» (1934), паветр. экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. дывізіі. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Васіль Іванавіч) (11.2.1919, г. Ліпецк, Расія — 16.3.1991),

бел. матэматык. Д-р фізіка-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Варонежскі ун-т (1941). З 1950 у Варонежскім ун-це, з 1959 у Горкаўскім пед. ін-це. З 1969 у БДУ. Навук. працы па канформнай дыферэнцыяльнай геаметрыі, тэорыі гіперпаверхняў прасторы Еўкліда, па тэорыі абагульненага метаду нармалізацый, па агульнай тэорыі спалучаных звязнасцей, тэорыі спец. класа аднародных прастораў.

Тв.:

Дифференциальная геометрия. Мн., 1982 (у сааўт.).

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЯ́ЦІН (Мікалай Мітрафанавіч) (18.5.1900, г. Ліпецк, Расія — 12.7.1965),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р с.-г. н. (1937), праф. (1935). Скончыў Петраградскі вет.-зоатэхн. ін-т (1923). З 1946 заг. аддзела Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1949 заг. кафедры БСГА, з 1959 — Гродзенскага с.-г. ін-та. Навук. працы па вывучэнні канстытуцыі с.-г. жывёл і падборы іх паводле прынцыпу стымулявання развіцця патомства, узроставага і палавога падбору. Адзін з аўтараў пароднай групы бел. чорна-пярэстых свіней.

М.М.Замяцін.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 24,1 тыс. км2. Нас. 1249 тыс. чал. (1997), гарадскога 63%. Цэнтр — г. Ліпецк. Найб. гарады: Ялец, Гразі, Данкоў, Лебядзянь, Усмань.

Прырода. Л.в. знаходзіцца ў цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, у бас. верхняга цячэння р. Дон. На З — ускраіна Сярэднярускага ўзв. (выш. да 262 м), паверхня хвалістая, парэзана ярамі і лагчынамі; на У — Окска-Данская раўніна (выш. 150—170 м). Карысныя выкапні: жал. руда, вапнякі, даламіты, гліны, пяскі, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -10°C, ліп. 19°C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рака — Дон з прытокамі Красівая Меча, Сасна (справа), Варонеж з прытокам Матыра (злева). Вобласць размешчана ў зоне лесастэпаў. Глебы пераважна чарназёмныя (тыповыя і вышчалачаныя), па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя, трапляюцца цёмна-шэрыя і шэрыя лясныя глебы. Пераважаюць мяшаныя лясы (7% тэрыторыі). Варонежскі запаведнік (паўн. частка) і запаведнік Галічча Гара.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харчовая. Прадпрыемствы чорнай металургіі працуюць пераважна на жал. рудзе Курскай магнітнай анамаліі, выпускаюць чыгун, сталь, пракат, трубы, ферасплавы. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю трактароў, рухавікоў, станкоў, ліцейнага абсталявання, электратэхн. вырабаў, сантэхнікі, хім.-азотных угнаенняў (на базе коксахім. вытв-сці), гумава-пластмасавых вырабаў, лакаў, смалы, клею. Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ (найб. Ліпецкая). Харч. прам-сць (цукр., масласыраробная, мясная, кансервавая, харч. канцэнтратаў, тытунёвая) перапрацоўвае мясц. сыравіну. Развіта прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, сілікатнай цэглы, жалезабетонных канструкцый і вырабаў). Ёсць прадпрыемствы лёгкай (швейныя, трыкат. і скургалантарэйныя ф-кі) і дрэваапр. (мэблевыя ф-кі) прам-сці. Нар. маст. промыслы: Ялецкія карункі (у г. Ялец), дыванаткацтва (с. Баравое). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці збожжа, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 1960 тыс. га, у т.л. ворныя землі займаюць 1640 тыс. га (1996). Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, а таксама махорку. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак мяса-воўнавага кірунку. Птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Данбас, Масква—Растоў-на-Доне, Рыга—Валгаград, аўтамагістраль Масква—Ялец—Варонеж. Газаправод Стаўрапаль—Масква. Курорт Ліпецк.

Л.В.Лоўчая.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN||BN. Пры гэтым ΔY=Y2-Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусныя вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22″) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.Я.Струвэ і К.І.Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расіі. Утворана 27.9.1937. Пл. 24,7 тыс. км². Нас. 911,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 62%. Цэнтр — г. Арол. Найб. гарады: Болхаў, Ліўны, Мцэнск.

Прырода. Вобласць размешчана ў цэнтр. частцы Усх.-Еўрапейскай раўніны, у межах Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (пераважныя выш. 220—250 м, найб. 278 м), парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда, буд. матэрыялы (вапнякі, гліны, пяскі, мергелі, мел), буры вугаль, фасфарыты. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -9°C, ліп. 18 °C, ападкаў 570—580 мм за год. Рэкі: Ака (з прытокамі Зуша, Неруч, Цон і інш.), на ПдУ р. Сасна (з прытокамі Цім, Кшэнь), на ПдЗ — Наўля і Няруса (прытокі Дзясны). Пераважаюць вышчалачаныя чарназёмы, на ПнЗ шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя глебы. Мяшаныя лясы (бяроза, дуб, асіна, клён, ясень, хвоя і елка) з хмызнякамі займаюць каля 8% плошчы. Стэп узараны, захаваліся невял. ўчасткі. Па далінах рэк заліўныя лугі.

Гаспадарка. Асноўныя галіны вытв-сці: машынабудаванне (тэхнал. абсталяванне для тэкст., гарбарна-абутковай, шкляной, харч. прам-сці, аўтагрэйдэры, аўтапагрузчыкі, цэнтрабежныя помпы, прылады, выліч. машыны, гадзіннікі, радыёдэталі і інш.), металургія (вытв-сць стальнога пракату), хім. (пластмасы, гумаватэхн. вырабы), мікрабіял., лёгкая (абутковая, швейная і трыкат.), харч. (цукровая, мясная, масла- і сыраробная, крухмала-патачная, спіртава-гарэлачная і інш.) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, шкло і інш.). Пасевы збожжавых: пшаніцы, жыта, аўса і ячменю. Вырошчваюць грэчку, цукр. буракі, каноплі, зернебабовыя і кармавыя культуры. Развіты бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля, мяса-сальнае свінаводства, мяса-воўнавая авечкагадоўля, птушкагадоўля. Племянная конегадоўля (арлоўскія рысакі). Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Курск, Бранск—Арол—Ліпецк, аўтадарогі Масква—Арол—Сімферопаль, Арол—Бранск—Смаленск; нафтаправод «Дружба».

П.Г.Рогач.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)