ЛІ́ЛІНА (сапр. Перавошчыкава) Марыя Пятроўна

(3.7.1866, Масква — 24.8.1943),

расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1933). Жонка К.С.Станіслаўскага. З 1898 працавала ў Маскоўскім Маст. т-ры. Мастацтву актрысы ўласцівы віртуознае сцэн. майстэрства і артыстычнасць. Сярод роляў: Маша, Соня, Наташа, Аня («Чайка», «Дзядзька Ваня», «Тры сястры», «Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Ліза Бенш («Мікаэль Крамер» Г.​Гаўптмана), Эліна («Каля царскай брамы» К.​Гамсуна), Лябядкіна («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана «Д’яблы» Ф.​Дастаеўскага), Дар’я Іванаўна («Правінцыялка» І.​Тургенева), Карэніна («Жывы труп» Л.​Талстога).

Літ.:

М.П Лилина: [Сб. материалов]. М., 1960.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр

(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.​Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.​Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.​Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.​Кліпер-Чэхава, І.​Масквін, М.​Ліліна, М.​Андрэева, А.​Арцём, У.​Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.​Качалаў, Л.​Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906),

«Сіняя птушка» М.​Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.​Тургенева (1909), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.​Андроўская, М.​Балдуман, М.​Баталаў, А.​Георгіеўская, Б.​Дабранраваў, Н.​Зуева, М.​Кедраў, А.​Ктораў, Б.​Ліванаў, П.​Масальскі, М.​Прудкін, В.​Сганіцын, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, В.​Тапаркоў, М.​Тарханаў, М.​Хмялёў, К.​Яланская, М.​Яншын і інш.; рэжысёры Б.​Вяршылаў, М.​Гарчакоў, І.​Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.​Булгакава, У.​Іванава, К.​Транёва, А.​Карнейчука, В.​Катаева, Л.​Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.​Сіманава, А.​Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.​Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.​Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.​Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (з А.​Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.​Гельмана, М.​Рошчына, М.​Шатрова, А.​Мішарына. У т-ры працавалі І.​Смактуноўскі, А.​Калягін, Т.​Дароніна, А.​Папоў, А.​Мягкоў, Т.​Лаўрова, Я.​Еўсцігнееў, К.​Васільева, А.​Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.​Эфрасам, Л.​Додзіным, М.​Разоўскім, К.​Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.​Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.​Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа і Я.​Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)