Лібрэта 6/355; 10/146

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЭ́ТА (італьян. libretto літар. кніжачка),

1) славесны тэкст муз.-драм. твора (оперы, аперэты; раней таксама кантаты і араторыі). Будуецца на паслядоўным сюжэтным развіцці дзеяння, пішацца пераважна вершамі, радзей прозай (часцей у дыялогу). Л. — літ. драм. аснова оперы і не разглядаецца як самаст. маст. твор. Слова ў ім набывае поўную сілу ўздзеяння толькі ў адзінстве з музыкай. Задума Л., а часам і драматургічны сцэнарны план (сцэнарый) часта належаць кампазітару. Некаторыя кампазітары пішуць Л. сваіх твораў. Можа быць арыгінальным паводле тэмы, але часцей грунтуецца на сюжэтах і вобразах маст. л-ры ці нар. творчасці. Муз. інтэрпрэтацыя драм. тэксту абумоўлівае пераасэнсаванне кампазітарам і лібрэтыстам літ. першакрыніцы.

2) Літаратурны сцэнарый балетнага спектакля.

3) Кароткі выклад зместу оперы, аперэты, балета.

Г.​Р.​Куляшова.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕТМА́ЙСТАР (ням. Ballettmeister),

аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык балетаў, канцэртных танцавальных нумароў, танц. сцэн і асобных танцаў у оперы, драм. спектаклі, аперэце, мюзікле і інш. Творчасць балетмайстра рэалізуецца майстэрствам танцоўшчыкаў з улікам іх індывід. здольнасцяў. Можа выступаць і аўтарам сцэнарыя (лібрэта) твора, у якім ідэйная канцэпцыя ўвасабляецца ў сістэме харэагр. вобразаў. Балетмайстра — аўтара арыгінальнага харэагр. тэксту наз. таксама харэографам.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),

бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел. муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АН БССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел. муз. мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Фауст» Ш.​Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні, «Русалка» А.​Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.​Аладава.

Тв.:

Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;

Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;

Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;

Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.

Літ.:

Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.

Т.​А.​Дубкова.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДРО́ЎСКІ-САС ((Bandrowski-Sas) Аляксандр) (22.4.1860, г. Любартаў, Польшча — 28.5.1913),

польскі спявак (драм. барытон, пазней тэнар). Адзін з лепшых оперных і камерных спевакоў свайго часу, выступаў у буйнейшых т-рах свету. Вядомы як выканаўца гераічных партый у операх Р.​Вагнера, Дж.​Меербера, Дж.​Вердзі. Першы выканаўца партыі Манру ў аднайм. Оперы І.​Падарэўскага (1901, Дрэздэн). Пісаў і перакладаў на польск. мову оперныя лібрэта. З 1909 выкладаў у Кракаўскай кансерваторыі (сярод вучняў Э.Бандроўская-Турская).

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́НІЯ (Валяр’ян) (Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),

грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.​Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЛЯРО́ВІЧ (таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.​Ф.​Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДУБАДЫ́ (Мамед Саід) (24.3.1872, г. Ардубад, Азербайджан — 1.5.1950),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1938). Друкаваўся з 1903. У зб-ках вершаў «Бесклапотнасць» (1906), «Бацькаўшчына і воля» (1907) заклік да свабоды, крытыка невуцтва і фанатызму, ідэалізацыя гіст. мінулага, ісламу спалучаецца з асветніцкімі ідэямі. Заснавальнік гіст. рамана ў азерб. л-ры: «Таўрыз Туманны» (1933—48), «Горад-змагар» (1938), «Падпольны Баку» (1940). Раман «Меч і пяро» (ч. 1—2, 1946—48) прысвечаны азерб. паэту 12 ст. Нізамі. Аўтар лібрэта опер.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ [імя невяд.; 1746 (?), г. Слуцк Мінскай вобл. — ?],

танцоўшчык. З мяшчан. Вучыўся ў балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 (у А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў г. Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы (1757, 1759). З 1760 саліст балета Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі (упамінаецца ў складзе трупы ў 1787—90).

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),

бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел. т-ва драмы і камедыі, Бел. сав. т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.​Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.​Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.​Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.​Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.​Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.

Тв.:

Песні вольных людзей. Мн., 1961.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)