ВАЛЬТЫЖЫРО́ЎКА
(ад франц. voltiger пырхаць, лётаць),
1) від коннага спорту і коннага цырка. Складаецца з практыкаванняў на кані, які асядланы спец. вальтыжыровачным сядлом і бяжыць па крузе на кордзе (доўгай вяроўцы) рыссю ці галопам.
2) Від дынамічнай акрабатыкі (з перакідваннем партнёра) і гімнастыкі (пералёты з трапецыі на трапецыю). У цырку вальтыжыроўка на кані, акрабатычная і гімнастычная — самастойныя нумары.
т. 3, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ,
бескілявыя (Ratitae або Gradientes), група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
т. 2, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ,
сметнікавыя куры (Megapodiidae), сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).
Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак, перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.
Літ.:
Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;
Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.
т. 5, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)