Лясок (в., Камянецкі р-н) 9/303

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ВАРАЦЕНЬ,

фантастычны персанаж нар. павер’яў і казак; чалавек, ператвораны ці здольны сам дзівосным чынам ператварыцца ў звера, расліну, камень. У слав., у т. л. ў бел. міфалогіі найчасцей набываў аблічча воўка (гл. Ваўкалак). Уяўленне пра П. ўзнікла на аснове татэмізму, звязана з вераю ў чараўнікоў, адлюстравалася ў фальклоры — былічках, баладах (напр., у бел. купальскай песні — баладзе «Пойдзем, сястра, у лясок а скінемся травіцай»).

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),

дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.

Баскет.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),

верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.​Панчанкі, «Лірычны жарт» С.​Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.​Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.​Вярцінскага:

Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКО́ВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (28.11.1926, в. Лясок Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.2000),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН (у 1968—94 заг. лабараторыі). У 1993—94 акад.-сакратар Бел. аддзялення Міжнар. акадэміі інфарм. працэсаў і тэхналогій. Распрацаваў тэарэт. асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызацыі канструктарска-тэхнал. праектавання і вырабу аснасткі ў машынабудаванні. Дзярж прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985;

Создание программных средств САПР приспособлений. Мн., 1991 (разам з М.​М.​Другаковай);

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснашения. Мн., 1997 (у сааўт.).

Літ.:

Савік М.П. Зямлі сваёй адданы сын // Памяць: Гіст.-дак. хроніка Карэліцкага р-на. Мн., 2000.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)