ЛЯЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Валяр’янавіч) (н. 22.9.1956, г.п. Сапоцкін Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1979), працуе ў ім (у 1990—96 нам. дэкана, з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях вугляводнага абмену, парушэннях вугляводнага і энергет. абмену ў розных аддзелах галаўнога мозга, пры алкагалізме, сац.-эпідэміял. аналізе, прагназіраванні і лячэнні наркалагічных захворванняў, уплыве радыенуклідаў на арганізм.

Тв.:

Клинико-экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм. Гомель, 1995 (у сааўт.);

Социально-эпидемиологическая характеристика контингента наркоманов и токсикоманов (разам з А.​У.​Казлоўскім, Г.​І.​Забароўскім) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЕ́ВІЧ Г. (сапр. Калмансон Лабары Гілелевіч; 30.9.1901, г. Магілёў — 1937),

гісторык, паэт, крытык. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны на парт. рабоце. У 1917 друкаваў вершы ў магілёўскай газ. «Молот». Аўтар нарысаў па гісторыі рэв. руху і грамадз. вайны ў Беларусі. У 1920—30 апублікаваў прысвечаныя рэвалюцыі зб. вершаў. «Набат» (1921), «У Смольным» (1925) і паэму «Голад» (1921) і інш. Адзін з праваднікоў вульгарнай вузкакласавай парт. крытыкі, для чаго выкарыстоўваў свае пасады рэдактара час. «На посту» і кіраўніка ВАПП. У 1937 арыштаваны як трацкіст, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;

Пб., 1923;

Клинок и книга: Памяти Дмитрия Фурманова. М.; Л., 1926;

Воинствующий идеализм на фронте литературоведения // Вестн. Ком. Академии. 1927. Кн. 22.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ПРАЛЕТА́РСНХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (РАПП),

літаратурная арганізацыя, якая існавала ў 1925—32. Аформілася на 1-й Усесаюзнай канферэнцыі пралет. пісьменнікаў, уваходзіла ва Усесаюзную асацыяцыю пралет. пісьменнікаў (ВАПП), створаную ў 1924 на базе Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў (МАПП). Тэарэт. органам МАПП быў час. «На посту» (1923—25). Па яго назве кіраўнікі РАПП тагачасны літ. кірунак характарызавалі як напостаўскі. У сваёй дзейнасці напостаўцы дапусцілі шмат сур’ёзных памылак: камчванства, сектанцкія настроі, нігілістычныя адносіны да класічнай спадчыны, пагарда да пісьменнікаў, якія паходзілі з інтэлігенцыі, прэтэнзіі выступаць у л-ры ад імя партыі. Гэта было асуджана ў рэзалюцыі ЦК РКП(б) ад 18.6.1925 «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры».

У лют. 1926 у РАПП адбыўся раскол. Частка яго кіруючых дзеячаў (С.​Родаў, Г.​Лялевіч, І.​Вардзін, А.​Безыменскі) засталася на ранейшых пазіцыях, а большасць (Л.​Авербах, Ю.​Лібядзінскі, Дз.​Фурманаў, У.​Кіршон) прыняла рэзалюцыю ЦК РКП(б) як праграмны дакумент. Праз пэўны час у апошнюю групу ўліліся А.​Фадзееў, У.​Ярмілаў, А.​Селіваноўскі і інш. Тэарэт. органам РАПП стаў час. «На литературном посту» (1926—32).

У літ. дыскусіях канца 1920-х г. з групай «Перавал», са школай В.Пераверзева і інш. рапаўская крытыка выступала супраць прыніжэння ролі светапогляду ў маст. працэсе, аднак пры гэтым наклейвала паліт. ярлыкі, з вульгарызатарскіх пазіцый ацэньвала творчасць М.​Горкага, У.​Маякоўскага, А.​Талстога, М.​Шолахава і інш.

На 1-м Усесаюзным з’ездзе пралет. пісьменнікаў (крас. — май 1928) структура ВААПП рэарганізавана. Замест Усесаюзнай асацыяцыі створана Усесаюзнае аб’яднанне асацыяцый пралет. пісьменнікаў (ВААПП), што спрыяла пэўнаму павароту РАПП да масавага літ. руху. РАПП перагледзела некат. ранейшыя ўстаноўкі, але новай канструктыўнай праграмы не выпрацавала. Па-ранейшаму кіруючыя вярхі РАПП і іх паслядоўнікі ў асацыяцыях нац. рэспублік, у т. л. ў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, беспадстаўна прэтэндавалі на вядучае становішча ў л-ры, выхаваўчую работу падмянялі голым адміністраваннем, тактыкай літ. каманды. Яны насаджалі дагматызм, стваралі атмасферу падазронасці, недаверу, распальвалі варожасць паміж пісьменнікамі пралет. і непралет. паходжання, абвяшчалі паліт. лозунгі, якія дэзарыентавалі пісьменнікаў (лозунгі «адзям’яньвання», «арабочвання»). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (23.4.1932).

Літ.:

Шешуков С. Неистовые ревнители: Из истории лит. борьбы 20-х гг. М., 1970.

М.​І.​Мушынскі.

т. 13, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)