РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,
гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.
т. 13, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСТА́Т (ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш. Гл. таксама Паветраплаванне.
т. 2, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.
Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.
У.С.Ларыёнаў.
т. 9, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)