АБ’ЯДНА́ННЕ СЯЛЯ́НСКАЙ ЛЯВІ́ЦЫ «САМАПО́МАЦ»,

рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская арг-цыя ў Польшчы, Зах. Беларусі і Зах. Украіне ў 1928—31. Створана з членаў левага крыла партыі «Стронніцтво хлопске» і Незалежнай сял. партыі. Праграма змяшчала рэв.-дэмакр. і часткова сацыяліст. патрабаванні: зямля сялянам без выкупу, нацыяналізацыя прам-сці, дэмакр. правы, самавызначэнне прыгнечаным народам і інш. У маі 1931 аб’ядноўвала 12,5 тыс. членаў. Кіраўнікі А.Бомба, С.Вуйтовіч, М.Гвяздовіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Samopomoc chłopska» («Сялянская ўзаемадапамога»). Супрацоўнічала з левымі партыямі і арг-цыямі Польшчы. Забаронена польскімі ўладамі.

У.А.Палуян.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДКЕ́ВІЧ Барбара Эдмундаўна

(2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),

дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АН БССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.

У.М. Міхнюк.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)