ЛЮНЕ́Т, люнета (франц. lunette літар. лунка) у архітэктуры,
арачны праём у скляпенні або сцяне, гарызантальна абмежаваны знізу. Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У скразных Л. звычайна размяшчаліся вокны; «глухія» Л. ўпрыгожваліся размалёўкай, лепкай, скульптурай. У архітэктуры 1950-х г. іх выкарыстоўвалі ў якасці аконных праёмаў (будынак паліграф. камбіната імя Я.Коласа ў Мінску).
Люнет на галоўным фасадзе будынка паліграфічнага камбіната імя Я.Коласа ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮНЕ́Т (ваен.),
палявое або доўгатэрміновае абарончае збудаванне (умацаванне), адкрытае з тылу. Складаўся з 1—2 франтальных валоў (фасаў) з ровам наперадзе і бакавых валоў для прыкрыцця флангаў. Будаваўся ў 17 — пач. 20 ст. на важных участках абарончых пазіцый. Памеры і форма Л. вызначаліся ў залежнасці ад умоў абстрэлу мясцовасці, напрамку агню сваіх войск і праціўніка, а таксама ад памеру гарнізона, які там размяшчаўся (1—4 роты). Тыл Л. прыкрываўся засекай або рэзервам.