МІНАТА́ЎР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.
т. 10, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Э.Р.Самусенка.
т. 7, с. 585
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)