ВАРО́НІН (Сяргей Аляксеевіч) (н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.​П.​Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1981—82.

Літ.:

Емельянов Л. Сергей Воронин. Л., 1983.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВЫ,

рускія акцёры, браты.

Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.​Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш. Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.​Грыбаедава, М.​Гогаля, А.​Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.

Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ (Мадэст Іванавіч) (14.2.1844, г. Кашыра Маскоўскай вобл. — 13.10.1905),

рускі акцёр, педагог, крытык. Муж П.А.Стрэпетавай. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). На сцэне з 1859, на прафесійнай — з 1867 у гарадах Расіі. З 1872 у Маскве, у т. л. ў Т-ры Корша, з 1885 у Александрынскім т-ры ў Пецярбургу. Выканаўца драм. роляў бытавога рэпертуару. Валодаў высокай тэатр. культурай, моцным тэмпераментам. Вял. ўплыў на яго творчасць зрабіў А.​Астроўскі, найб. вызначыўся ў яго п’есах: Русакоў, Красноў, Нешчасліўцаў, Любім Тарцоў, Бальшоў («Не ў свае сані не садзіся», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Лес», «Беднасць не загана», «Свае людзі — паладзім»), Сярод інш. роляў: Ананій Якаўлеў («Горкі лёс» А.​Пісемскага), Іван Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Равякін («Журба» І.​Шпажынскага) і інш. Вёў пед. работу, пісаў крыт. артыкулы, у якіх падтрымліваў Астроўскага. Падрыхтаваў да выдання першы поўны збор твораў Астроўскага (т. 1—12,1904—09).

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРНСАН ((Bjørnson) Б’ёрнстэрне Марцініус) (8.12.1832, Квікне, Нарвегія — 26.4.1910),

нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв. нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял. жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.

Тв.:

Бел. пер. — Бялявая нарвежка // Наша слова. 1993. № 34;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—12. Киев;

Харьков, 1893—97;

Избранное. М., 1959;

Пьесы. Л.;

М., 1961.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)