ЛЮБУ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Woje wództwo Lubuskie),

адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 13,7 тыс. км². Hac. 1 млн. чал. (1999), гарадскога 62%. Адм. цэнтр — г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Зялёна-Гура, Нова-Суль, Жары, Костшын, Жагань. Займае зах. ч. Велікапольскага Паазер’я і Велікапольскай нізіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Карысныя выкапні: буры вугаль, нафта, газ, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. р. Одра з прытокамі Варта, Бубр, Ныса-Лужыцка. Глебы падзолістыя. 45% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць таварных вагонаў, пад’ёмных кранаў, тэкст. машын, электравымяральнай апаратуры), лёгкая, дрэваапр., хім., харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Вырошчваюць жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, кармавыя і тэхн. культуры. Бульбаводства. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.

т. 9, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),

гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах. ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).

т. 9, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЕНАГУ́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zielonogórskie),

адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Пл. 8868 км², нас. 669 тыс. чал., гарадскога 61,9% (1993). Адм. ц.г. Зялёна-Гура. Найб. гарады: Нова-Суль, Жары, Жагань, Свябодзін, Губін, Сулехаў, Любска. Займае зах. ч. Велікапольскай нізіны, на Пн Любускае паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі Ныса-Лужыцка і Бубр. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя). 48,4% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: харчасмакавая (мукамольная, мясная, спіртавая), маш.-буд. (таварныя вагоны, тэкст. абсталяванне), тэкст. (дэкаратыўныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны), абутковая, дрэваапр., буд. матэрыялаў, шкляная. Здабыча нафты і газу. Пад с.-г. ўгоддзямі 40% тэр. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, сланечнік, рапс, кармавыя культуры. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)