Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ (ЛЭП),
збудаванне з праваднікоў току, дапаможных канструкцый і прыстасаванняў для перадачы электраэнергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. Разам з трансфарматарнымі і пераўтваральнымі электрычнымі падстанцыямі складаюць электрычную сетку, з’яўляюцца адным з асн. звёнаў энергетычнай сістэмы Бываюць паветраныя і кабельныя, пераменнага (да 1150 кВ) і пастаяннага (да 1500 кВ) току, нізкага (да 1 кВ) і больш высокіх напружанняў. Першая ў свеце ЛЭП пераменнага трохфазнага току пабудавана ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім.
Паветраныя ЛЭП складаюцца: з апор ліній электраперадачы (асн. элементы — стойкі, фундаменты, траверсы, тросастойкі, адцяжкі), правадоў (адно- і многадрацяныя медныя, алюмініевыя і сталеалюмініевыя), лінейнай ізаляцыі (фарфоравыя або шкляныя штыравыя і падвесныя ізалятары электрычныя): арматуры (падтрымныя і нацяжныя заціскачкі, вушкі, почапкі, клямары, вібрагасільнікі, злучальнікі правадоў), стальных маланкаахоўных тросаў (падвешваюцца на падыходах да падстанцый на ЛЭП 35 кВ і па ўсёй даўжыні на ЛЭП 110 кВ і вышэй з жалезабетоннымі і метал. апорамі). Кабельная лінія электраперадачы складаецца з сілавых кабеляў, кабельных муфтаў, мацавальных дэталяў. Пракладваецца пад зямлёй, пад вадой, на апорах, эстакадах (у гарадах і на буйных прамысл. прадпрыемствах) Распрацоўваюцца ЛЭП з ізаляванымі саманясучымі і з ахоўнымі правадамі, крыярэзістыўныя, звышправодныя і інш. У Беларускай энергетычнай сістэме эксплуатуюцца паветраныя ЛЭП пераменнага току напружаннем 0,38, 0,66, 6, 10, 35, 110, 220, 330, 750 кВ і кабельныя напружаннем 0,38, 6, 10 і 110 кВ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РЫ ЛІ́НІЙ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,
канструкцыі (збудаванні) для падвешвання правадоў і маланкаахоўных тросаў паветр.ліній электраперадачы. Бываюць прамежкавыя (пераважна на прамых участках трасы ЛЭП) і анкерныя (у пачатку і канцы прамых участкаў ЛЭП, на паваротах, пры пераходах праз водныя і інш. перашкоды). Анкерныя апоры ліній электраперадачы прымаюць нацяжэнне правадоў і тросаў, маюць больш жорсткую і трывалую канструкцыю. У залежнасці ад колькасці падвешаных правадоў (ланцугоў) апоры ліній электраперадачы падзяляюцца на адна- і многаланцуговыя; ад канструкцыі — на аднастоечныя, А-, П- і АП-падобныя, свабоднастаячыя, з адцяжкамі. Робяцца з жалезабетону і металу, пераважна са сталі (у асн. для ЛЭП напружаннем 220 кВ і болей), а таксама з дрэва (да 110 кВ у лясных мясцовасцях).
Апоры ліній электраперадачы: а — драўляная свабоднастаячая П-падобная; б — жалезабетонная аднастоечная з адцяжкамі; в — металічная двухланцуговая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЯ ЛІ́НІЯ ЭЛЕКТРАПЕРАДА́ЧЫ,
лінія электраперадачы, якая складаецца з аднаго або некалькіх сілавых кабеляў адпаведнага напружання і сячэння, злучаных кабельнымі муфтамі. Пры выкарыстанні масла- або газанапоўненых кабеляў абсталёўваецца таксама падсілкавальнай сістэмай і прыстасаваннямі сігналізацыі ціску масла (газу).
Будуюцца на напружанне 0,4—750 кВ. Падземныя кабельныя ЛЭП шырока выкарыстоўваюцца ў эл. сетках гарадоў і прамысл. прадпрыемстваў. Пракладваюцца кабелеўкладчыкамі ў земляных траншэях (найб.эканам. спосаб), спец. каналах, тунэлях і блоках. Падводныя кабельныя ЛЭП будуюць з дапамогай кабельных суднаў з выкарыстаннем спец. кабеляў. Трасу праходжання кабеляў і месцы пашкоджанняў вызначаюць кабелешукальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААХО́ВА,
комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.
Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр.ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯБО́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
машыны, механізмы і ўстаноўкі для апускання паляў у грунт. Да П.а. адносяцца дызель-молаты, вібрамолаты, вібрапагружальнікі (гл.Вібрацыйная тэхніка), уціскальныя агрэгаты, капры, устаноўкі для апускання вінтавых паляў укручваннем у грунт (пры стварэнні фундаментаў пад апоры ЛЭП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗ’ЯДНА́ЛЬНІК,
электратэхнічнае прыстасаванне для раз’яднання і пераключэння асобных участкаў эл. ланцугоў пры адсутнасці ў іх току. Робіцца ў выглядзе рухомага і нерухомага кантактаў, замацаваных на ізалятарах. Стварае бачны разрыў эл. ланцуга і выкарыстоўваецца ў размеркавальных устройствах і на ЛЭП для стварэння бяспекі прафілактычных і рамонтных работ на адключаных участках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,
электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.
Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).