ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад. АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз. біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.

Тв.:

Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;

Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);

Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.​С.​Жагрыным) // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1969. № 4;

1970. № 1—2.

А.І.Лапо.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁН (Linum),

род кветкавых раслін сям. лёнавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На ўсіх кантынентах культывуюць Л. культурны (L. usitatissimum) — стараж. прадзільную і алейную расліну. Вылучаюць 5 груп: Л. буйнанасенны, Л.-даўгунец, Л.-кудраш, Л. прамежкавы, Л. сцелісты. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя дзікарослыя Л. слабільны (L. catharticum) і жоўты (L. flavum). Трапляюцца на сырых лугах, сярод хмызнякоў. У культуры вырошчваецца пераважна Л.-даўгунец.

Л.-даўгунец — аднагадовая самаапыляльная расліна выш. 70—130 см. Сцябло ў густых пасевах прамое, у разрэджаных — моцна разгаліноўваецца, што зніжае якасць валакна. Лісце вузкае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі правільныя, 5-членныя ў парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 35—38% алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці пакосту, лакаў, фарбаў і інш.; ільняная макуха — корм для жывёл. З валакна вырабляюць бытавую, тэхн. і тарную тканіну, з кастрыцы — паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, буд. пліты.

Літ.:

Льноводство. М., 1967;

Руководство по освоению интенсивной технологии возделывания льна-долгунца. Мн., 1987.

У.​П.​Пярэднеў.

Лён: 1 — даўгунец; 2 — прамежкавы; 3 — кудраш; 4 — верхавінка сцябла.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)