ЛУЧУ́К (Уладзімір Іванавіч) (27.8.1934, с. Матчэ Люблінскага ваяв., Польшча — 24.9.1992),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Львоўскі ун-т (1958). Друкаваўся з 1955. Аўтар кніг паэзіі «Давер» (1959), «Санцапёк» (1962), «Дзівавід» (1979), «Насустрач» (1984), «Кругаварот» (1986) і інш., у якіх тэмы мірнага жыцця, вернасці, кахання. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі («Хатынь», «Свіцязь», «Вязынка» і інш.). Пісаў для дзяцей. Пераклаў на ўкр. мову зб. В.Зуёнка «Пакаціўся клубочак» (1979), асобныя вершы М.Багдановіча, Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, А.Гаруна, С.Гаўрусёва, Л.Геніюш, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, А.Лойкі, С.Панізніка, П.Панчанкі, Я.Пушчы, А.Сербантовіча, М.Танка, К.Цвіркі і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, Гілевіч, В.Зуёнак, Караткевіч, Я.Крупенька, Панвнік, М.Рудкоўскі і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія. Мн., 1975. Т. 2;

Возера-бульдозера. Мн., 1978;

Рус. пер. — Братское эхо. М., 1981.

В.А.Чабаненка.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)