Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 29.2.1944, в. Працавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1993), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1969). З 1976 у Гродзенскім с.-г. ін-це (у 1994—99 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі с.-г. жывёл, вет. медыцыне.
Тв.:
Параўнальная ацэнка шкілета і мускулатуры ў двух- і трохпародных помесных бычкоў // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1989. № 1;
Методические разработки по основам ветеринарии. Гродно, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́ВІЧ (Андрэй Піліпавіч) (10.8.1919, в. Заазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.7.1944),
Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Камандзір гарматнага разліку ст. сяржант Л. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Зах. Дзвіны на тэр. Віцебскай вобл.: 26 чэрв. яго разлік знішчыў 4 кулямёты і мінамёт праціўніка, потым на падручных сродках у ліку першых з гарматай фарсіраваў раку і агнём садзейнічаў захопу і пашырэнню плацдарма. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),
бел.літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы «Янка Купала» (1952, з В.Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.Г.Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.Купалу, успамінаў пра З.Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.
Тв.:
Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;
Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;
3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;
Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.
Літ.:
Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;
Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;
Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.