Луток (птушка) 6/110

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУТО́К (Mergus albellus, або Mergellus albellus),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі. На Беларусі зрэдку гняздуецца, трапляецца на сезонных пралётах, часам на ПдЗ зімуе.

Даўж. да 46 см, маса да 800 г. Самец белы, з чорнай спінай; на патыліцы, паміж дзюбай і вачыма па чорнай пляме. На галаве чубок з доўгіх белых пёраў. Дзюба і лапы шэрыя. Самкі і маладыя птушкі шэрыя з карычневай галавой, белымі шчокамі і брушкам. Кормяцца воднымі насякомымі, моладдзю рыб. Добра ныраюць. Гнёзды ў дуплах. Нясуць 6—12 яец. Іл. гл. да арт. Крахалі.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАХАЛІ́ (Mergus),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (5 відаў), у тропіках Паўд. Амерыкі (1 від), на астравах Окленд (1 від, магчыма, вымерлы). Жывуць на рыбных рэках і азёрах. На Беларусі 3 віды: луток, К. вялікі (M. merganser) і К. даўгадзюбы (M. serrator). К. вялікі і даўгадзюбы гняздуюць у паўн. ч. Беларусі, луток — на Палессі. К. лускаваты (M. squamatus) і К. бразільскі (M. octosetaceus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, К. вялікі і даўгадзюбы — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 80 см, маса да 2 кг. Дзюба доўгая, вузкая, з вострымі рагавымі зубцамі па краях. На патыліцы чубок. Кормяцца рыбай, воднымі насякомымі, малюскамі. Ныраюць на глыб. да 4 м. Гнёзды на зямлі, у расколінах скал, у дуплах. Нясуць да 15 яец. Аб’ект спарт. палявання.

Крахалі: 1 — вялікі; 2 — даўгадзюбы; 3 — луток (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)