НЕМІРО́ВІЧЫ, Няміравічы,

шляхецкі род у ВКЛ. Родапачынальнік Ян Няміра (? — пасля 1420) упамінаецца ў 1398 як канюшы вял. кн. Вітаўта, у 1412 намеснік полацкі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 разам з братамі атрымаў герб «Ястрабец». Яго сыны Андрэй і Іван неаднаразова ўпамінаюцца ў складзе Рады ВКЛ у 1431—52. З нашчадкаў Яна Няміры найб. вызначыліся:Мікалай Янавіч (?—14717),

малодшы сын Няміры, маршалак гаспадарскі, намеснік віцебскі з 1466, смаленскі з 1469, уладальнік Уселюба, Ішкалдзі і Жухавічаў у Новагародскім пав., Луніна і Лунінца на Палессі. Якуб Іванавіч (? — пасля 1489), унук Няміры, маршалак гаспадарскі ў 1483, намеснік берасцейскі з 1483. Андрэй Якубавіч (7—1541), разам з братам Юрыем вызначыўся ў Клецкай бітве 1506, намеснік мазырскі з 1509, чаркаскі з 1511, ваявода кіеўскі з 1514. Неаднаразова адбіваў напады татар на паўд. землі ВКЛ. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37 двойчы (1534, 1535) узначальваў войска, якое займала Гомель і ўчыняла аблогу Старадуба і Чарнігава, у выніку Гомель быў вернуты ў склад ВКЛ. У 1536 разам з полацкім ваяводам Я.​Глябовічам кіраваў аблогай Себежа. Уладальнік Уселюба і Чэрніхава ў Новагародскім пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),

навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).

Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.​І.​Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.​Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.​Віндаўс, 1932, Р.​Уільямс, І.​Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.​У.​Паладзіна, Б.​А.​Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.​Поляк, Л.​М.​Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.​П.​Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.​Д.​Пеўзнер, Я.​І.​Бляхер, В.​А.​Лявонаў, М.​Ф.​Меражынскі, Ю.​М.​Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.

Літ.:

Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн., 1979;

Шабалов Н.П., Маркова И.В. Антибиотики и витамины в лечении новорожденных. СПб., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)