ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГЕНЕР ((Wegener) Альфрэд Лотар) (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),

нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).

Тв.:

Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;

Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРАЛІ́НГСКАЕ АДРАДЖЭ́ННЕ»,

уздым культуры ў Франкскай дзяржаве ў 2-й пал. 8—1-й пал. 9 ст., звязаны з узвышэннем, рэформамі першых Каралінгаў і ўзнікненнем імперыі Карла Вялікага. Цэнтралізацыя дзяржавы і кіраванне велізарнай імперыяй патрабавалі значнай колькасці адукаваных чыноўнікаў і духавенства. Адсюль клопат пра развіццё адукацыі і мастацтва, зварот да познаант. культуры. Пры каралеўскім двары, у цэнтрах буйных епархій і абацтваў ствараліся школы для дзяцей знаці, настаўнічаць у якіх запрашалі найб. адукаваных людзей. Узнавілася цікавасць да твораў стараж. аўтараў — Арыстоцеля, Баэцыя, Светонія, Ціта Лівія і інш. Створана новае пісьмо — каралінгскі мінускул, якое стала асновай сучаснага лац. алфавіта. Цэнтрам «К.а.» была «Акадэмія» — своеасаблівы гурток вучоных і паэтаў, створаны Карлам Вялікім пры сваім двары. Значнага развіцця дасягнулі гістарыяграфія, л-ра, архітэктура (у 768—814 пабудавана 27 сабораў, 232 манастыры, 65 палацавых ансамбляў, сярод якіх найб. адметная палацавая капэла ў Ахене), фрэскавы жывапіс, мазаіка, кніжная мініяцюра, ювелірнае мастацтва. Распад імперыі пры пераемніках Карла Вялікага, узмацненне феад. раздробленасці, рост натуральнай гаспадаркі прывялі да згасання «К.а.» як з’явы.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. «Каралінгскае адраджэнне». Лотар I. Мініяцюра «Евангелле Лотара». Каля 840.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)