ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Стафан

(сапр., верагодна, Куколь; каля 1570, с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — ?),

бел. педагог, пісьменнік-палеміст, царк. прапаведнік 16 — пач. 17 ст. Брат Л.Зізанія. Выкладаў у Львоўскай (з 1586, з 1592 рэктар; адзін з яе заснавальнікаў) і Віленскай (1593—99) правасл. брацкіх школах. У 1595 у Вільні выдаў «Катэхізіс» на бел. і польск. мовах (не збярогся), які на правасл. саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. З. пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы; апраўданы Брэсцкім царк. саборам 1596. Аўтар рэліг.-філас. твораў «Лист Іеремеи патріархи константинопольскаго напоминалный» (1596), «Казанье святого Кирилла патріаръхи іерусалимъскаго...» (Вільня, 1596; перавыд. ў Маскве пад назвай «Книга Кириллова», у Гродне 1786, 1791 пад назвай «Кириллова книга»). У буквары Л.​Зізанія 1596 змешчаны твор З. «Изложеніе о православной вѣрѣ» — маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Творы З., скіраваныя супраць каталіцкага духавенства і папы рымскага, варожа сустракаліся і правасл. артадоксамі. Характэрнай для яго светапогляду была ерэтычная ідэалогія сярэдневякоўя, ён імкнуўся даць сваю інтэрпрэтацыю Бібліі, прапаведаваў верацярпімасць, рацыяналістычна падыходзіў да ацэнкі з’яў прыроды і навакольнага свету. З 1599 у Троіцкім правасл. манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.

Літ.:

Алексютович Н.А. Культурно-просветительская деятельность братьев Зизаниев // Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТ ((Liszt) Ферэнц) (Франц; 22.10. 1811, Добар’ян, каля г. Шопран, Венгрыя — 31.7.1886),

венгерскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог, муз. пісьменнік. Вучыўся ў К.Чэрні, А.Сальеры, Ф.​Паэра і А.​Рэйхі. У 1823—35 жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў пед. і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—39 — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, арк.-сімф. трактоўка фп. З канца 1830-х г. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—58 прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім т-ры больш за 40 опер, у т. л. оперы Р.​Вагнера, выканаў у сімф. канцэртах усе сімфоніі Л.​Бетховена, сімф. творы Г.​Берліёза, Р.​Шумана, М.​Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу. З 1861 жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Муз. акадэміі ў Будапешце, цяпер Нац. венг. муз. акадэмія імя Л.). Стваральнік першых узораў венг. нац. муз. класікі, адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. муз. рамантызму. Найб. значныя яго дасягненні ў галіне інстр. музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Л. — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы муз. жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п’есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з л-рай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў нар.-венг. вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрап. прафес. музыкі. Творчасць Л. адыграла вял. ролю ў станаўленні венг. нац. муз. школы і ў развіцці сусв. муз. культуры.

Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Гранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фауст-сімфонія» (паводле І.​В.​Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімф. паэм (1849—82), у т. л. «Мазепа» (паводле В.​Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж.​Атрана і А.​Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І.​Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фауста» Н.​Ленаў (1860) і інш.; для фп. з арк. — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венг. нар. тэмы (1852) і інш.; для фп. — саната h-moll (1853); цыклы п’ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А.​Ламарціна), «Гады вандраванняў» (3 сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п’есы ў танц. форме, маршы і інш.; для голасу з фп. — песні і рамансы (каля 90) на словы Г.​Гейнэ, Гётэ, Гюго, М.​Лермантава і інш., інстр. п’есы, камерна-інстр. ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фп.) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»).

Літ. тв.: Рус. пер. — Ф.​Шопен. 2 изд. М.,1956; Избр. статьи. М.,1959.

Літ.:

Зилоти А. Мои воспоминания о Ф.​Листе // Зилоти А. Воспоминания и письма: Пер. с венг. Л., 1963;

Мильштейн Я. Ф.​Лист. Т. 1—2. 2 изд. М., 1971;

Крауклис Г.В. Симфонические поэмы Ф.​Листа. М., 1974;

Цуккерман В.А. Соната си минор Ф.​Листа. М., 1984;

Гаал Д.Ш. Лист: Пер. с венг. М., 1986.

Ф.Ліст.

т. 9, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)