ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,

князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р. Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЎСКІ

(Ossowski) Лешак (1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у тым ліку «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная вобласць у 10—16 ст. у бас. сярэдняга цячэння рэк Зах. Буг і Нараў. Найб. гарады: Бельск, Берасце (Брэст), Драгічын над Бугам, Камянец, Кобрын, Мельнік. З 10 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, з канца 11 да сярэдзіны 12 ст. ва ўладанні тураўскіх, пасля — валынскіх князёў. У 11—13 ст. тут сутыкаліся інтарэсы кіеўскіх, тураўскіх, пінскіх, менскіх, галіцка-валынскіх, а з пач. 14 ст. і князёў ВКЛ з інтарэсамі польскіх феадалаў. Польскія князі Казімір II у 1179 і 1182, Конрад Мазавецкі і Лешка Кракаўскі ў 1210 часова захоплівалі Берасцейскую зямлю Драгічынскую воласць захапілі ням. рыцары, якіх у 1237 разбіў валынскі кн. Даніла Раманавіч. Паводле ўскосных звестак Іпацьеўскага летапісу, у 1240 у Берасцейскую зямлю з Пд уварваліся манголы. З пач. 14 ст. Берасцейская зямля ў складзе ВКЛ, ва ўладанні вял. князя Кейстута. У 1349 на некат. час Берасцейскую зямлю захапіў польскі кароль Казімір III. У 1382 кн. Януш Мазавецкі асадзіў Берасце, захапіў Драгічын, Мельнік і інш. З 1413 Берасцейская зямля ў складзе Трокскага ваяв. У 1566 створана Берасцейскае ваяводства.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)