Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АЎРА́МЧЫК Мікола
(Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
І.У. Саламевіч.
т. 2, с. 87
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
АДА́МЧЫК Вячаслаў Уладзіміравіч
(н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраз зах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
М.А.Тычына.
т. 1, с. 93
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)