ПЕРЛ ((Perl) Марцін Льюіс) (н. 24.6.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1997). Бацька нарадзіўся ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Скончыў Політэхн. ун-т у Брукліне (1948). З 1950 у Калумбійскім, з 1955 у Мічыганскім ун-тах, з 1963 праф. Стэнфардскага лінейнага паскаральнікавага цэнтра (у 1991—97 дэкан ф-та фізікі высокіх энергій). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна адкрыў цяжкі τ-лептон (1975). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з Ф.Райнесам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие новой элементарной частицы — тяжелого τ-лептона // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4;

Размышления об открытии τ-лептона // Там жа. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

М.​Л.​Перл.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,

цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.

Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W​+ і W​ (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z​0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W​+ i W​ суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10​−22 с, Ζ​0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10​−22 с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W​± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e​±, μ​±, τ​± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z​0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e​+ e​, μ​+ μ​, τ​+ τ​ і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы νe, νµ, ντ (звесткі аб ντ і ντ ускосныя і магчыма, што ντ ντ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна νe зарэгістравана амер. фізікамі Ф.​Райнесам і К.​Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А. Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)