АНДРЭ́Й УЛАДЗІ́МІРАВІЧ
(каля 1390—1457?),
князь, адзін з найбуйнейшых праваслаўных магнатаў ВКЛ. Сын кіеўскага кн. Уладзіміра з роду Альгердавічаў, брат Алелькі (Аляксандра, гл. ў арт. Алелькавічы) і Івана Бельскага (гл. ў арт. Бельскія). У адрозненне ад братоў удзельнага княства не атрымаў, але займаў высокае становішча ў ВКЛ, уваходзіў у велікакняжацкую раду. Уладальнік маёнткаў Лагойск, Гайна і Камянец (Менскі пав.), Славенск (Ашмянскі пав.), Палонна і Лемніца (Віцебская зямля) і інш.
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБО́ЛЬЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Талачынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Дзяржынскага. За 36 км на Пн ад г. Талачын, 116 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Лемніца. 450 ж., 156 двароў (1994).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1385 як маёмасць вял. кн. ВКЛ Ягайлы. Пад назвай «Оболчи» згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (14 ст.). У 15 — пач. 16 ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 уключаны ў Аршанскі пав. На 1885 у Абольцах 265 ж., 60 дамоў. У 1924—31, 1946—56 Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, у 1931—46 і з 1956 — Талачынскага р-наў.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.
т. 1, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)