Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙЦЫ́Н,
(L-d-амінаізакапроиавая кіслата), незаменная амінакіслата, бясколернае крышталічнае рэчыва гаркаватага смаку, знаходзіцца ў жывёльных і раслінных бялках. Упершыню вылучаны ў 1820 франц. хімікам А.Бракано з мышачных валокнаў. Адсутнасць Л. ў стравах вядзе да адмоўнага балансу азоту і спынення росту ў дзяцей. Прэпарат пад назвай «Лейцын» (мае ў сабе Л.) выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАКІСЛО́ТЫ,
арганічныя (карбонавыя) к-ты, якія маюць у малекуле адну або некалькі амінагруп (NH2). Адрозніваюць α-амінакіслоты, β-амінакіслоты, γ-амінакіслоты. У прыродзе пашыраны пераважна α-амінакіслоты агульнай формулы H2N-<FORMULA>-COOH. Амінакіслоты — бясколерныя крышталічныя рэчывы, большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе. Амфатэрныя злучэнні маюць уласцівасці к-т і асноў. У жывых арганізмах знойдзена больш за 100 амінакіслот, каля 20 з іх асн. структурныя элементы малекул бялкоў. Іншыя амінакіслоты ўваходзяць у састаў ферментаў, гармонаў, некаторых антыбіётыкаў, вітамінаў і інш. рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці арганізма. Могуць быць у тканках жывых арганізмаў у свабодным стане. Біял. роля і функцыі некаторых амінакіслот не высветлены. Шэраг амінакіслот (арніцін, цыстатыянін і інш.) — прамежкавыя прадукты абмену рэчываў.
У большасці прыродных амінакіслот амінагрупа звязана з вугляродам, самым блізкім да карбаксільнай групы; у малекуле β-амінакіслот яна звязана з другім пасля карбаксільнай групы вугляродам. α-амінакіслата падзяляецца на ацыклічныя (тлустага шэрагу) і цыклічныя (араматычнага шэрагу); па колькасці аміна- і карбаксільных груп у малекуле α-амінакіслот адрозніваюць монаамінамонакарбонавыя, напр.гліцын, серын, трэанін; монаамінадыкарбонавыя, напр.аспарагінавая кіслата, глутамінавая кіслата; дыамінамонакарбонавыя к-ты, напр.лізін, аргінін. У прыродзе большая частка α-амінакіслот сінтэзуецца раслінамі, некаторыя з іх (заменныя амінакіслоты) могуць сінтэзавацца і жывёльнымі арганізмамі з неарган. злучэнняў азоту, напр. аміяку і кетонакіслот. Незаменныя амінакіслоты (валін, лейцын, ізалейцын, лізін, трыптафан, феніланін, метыянін, трэанін і інш.) у чалавека і жывёл не ўтвараюцца і паступаюць у арганізм з ежай. Ад нястачы іх у арганізме ўзнікаюць розныя хваробы.
Атрымліваюць і сінтэтычна, у т. л. ва ўмовах, якія мадэліруюць атмасферу першабытнай Зямлі. Амінакіслоты выкарыстоўваюць у медыцыне, для павышэння біял. каштоўнасці некаторых харч. прадуктаў, як зыходныя прадукты ў прамысл. сінтэзе поліамідаў, фарбавальнікаў.