ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),
бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХРАМАПЛА́СТЫ (ад храма... + грэч. plastos вылеплены, аформлены),
арганоіды (пластыды) расл. клеткі. Бываюць жоўтага, аранжавага і чырв. колеру, што абумоўлена наяўнасцю пігментаў — караціноідаў. Знаходзяцца ў клетках пладоў, пялёсткаў, у асеннім лісці, радзей у каранях (морква). Ад цытаплазмы адасоблены падвоенай мембранай, унутр. мембранная сістэма пераважна адсутнічае. На канчатковым этапе развіцця пластыд хларапласты і лейкапласты ператвараюцца ў Х.
т. 17, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),
цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)